Дагератып. Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.дыбіліся неахайнымі хвалямі, па якіх было нават весела скакаць. Тым больш у маіх Чаравіках. Менавіта так, з вялікай літары. Суперскія Чаравікі, якія ўдалося набыць хаця б ужыванымі, праз інтэрнэт, затое – чорна-бліскучыя, з цяжкой «жаўнерскай» скуры, прашытыя суворымі ніткамі… Хех! Навюткія такія ж за маю журналісцкую паўстаўку не купіш.
Дарэчы, яшчэ пашанцавала на гэтую паўстаўку, мне ж засталося апошні курс давучыцца, а ўжо цяпер не баліць галава пра размеркаванне.
Затое баліць – пра жытло. Праўда, якраз з'явіўся шанец гэтую праблему бліскуча вырашыць. Знаёмы хлопец з'язджае па нейкім гранце займацца сваёй біялогіяй-заалогіяй-пацукалогіяй, а паколькі акрамя тае пацукалогіі (ці прусакалогіі) нічога яго, падобна, па жыцці не цікавіць, прапанаваў сваю кватэру, у самым цэнтры места, абсалютова бясплатна ў карыстанне двум правінцыяльным студэнтачкам. На шчасце, Наста, мая сяброўка і суседка па здымным жытле, з’ехала на тыдзень да бацькоў, і ўсе ўражанні візіту – мне, мне адной!
Машыны ляцелі па праспекце так мэтанакіравана, быццам кожная везла сэнс жыцця, але мяркуючы па смуродзе, які пасля іх заставаўся, гэта быў не вельмі добры сэнс. Я дастала смартфон і патыцкала пальцам у экран, павялічваючы фрагмент карты з патрэбным мне домам. Ого, гэта той самы, з дзьвюма скульптурамі перадавых калгасніц на карнізе і кніжнай крамай на першым паверсе! Крутая кватэрка…
Высока нада мной перадавыя калгасніцы, прыціскаючы да магутных грудзей па снапе, перавязаным стужкай, пазіралі ў шэрае восеньскае неба цяпер ужо майго горада сляпымі каменнымі вачыма. І зерне ў іх каласах было каменнае. А млын заснавальніка горада, волата Мянеска, які перамолваў камяні, даўно спыніўся, і не было нікому справы да хлеба прамінулых стагоддзяў.
Пад'езд нагадваў пра тыя часы, калі па вітых лесвіцах з каванымі мадэрновымі балясінамі дзелавіта падымаліся людзі ў фуражках з зорачкамі, а той, за кім яны ішлі, кідаўся ў лесвічны пралёт…
Ды не, гэта я рамантызую. Ніхто не кідаўся… У гэтым я ўпэўнілася, калі працавала над серыяй артыкулаў пра беларускіх літаратараў з таварыства «Маладняк». Сядзелі па кватэрах і чакалі арышту – паэты, пісьменнікі, навукоўцы… Трэсліся пад коўдрамі, трымалі ў калідоры клуначак з неабходнымі для турмы рэчамі, прыслухоўваліся начамі да крокаў па лесвіцы: не, не да нас! Далібог, не да нас! І суцяшаліся: я ж нічога кепскага савецкай уладзе не зрабіў, я ж за яе, ёсць больш вінаватыя! Нават калі арыштуюць, разбяруцца! Ну не можа быць, каб вось так, нізавошта…
Магло. І было.
Я пісала артыкул за артыкулам, і з’яўляліся ўсё новыя імёны, вартыя згадкі… І пакуль гэта будуць друкаваць у газеце, якую распаўсюджваюць па бібліятэках, пакуль яна будзе заставацца беларускамоўнай, і пакуль будзе магчымасць працаваць у архівах, нават атрымліваючы менш, чым каштуюць неўжываныя мае боты, нават з тым, што даводзіцца пісаць шмат інфармацыйнай нецікавай лухты і бегаць з дыктафонам па начальніцкіх прэсухах – я не звольнюся…
Мне яшчэ ў дзяцінстве мама казала, што я “не ад гэтага свету”.
А па-мойму, дык кожны сам выбірае, у якім свеце яму жыць. Іх жа насамрэч многа, практычна паралельных, светаў, дзе ўмоўны шматок сена матляецца, падвешаны на вяровачцы, перад пысай даверлівага асла, змушаючы яго ісці ды ісці і валачы за сабой сваё жыццё.
Пра свой матывуючы «шматок сена» я вам распавяла…
А падлога ў гэтым пад'ездзе нагадвае шахматную дошку. Чорныя і белыя пліткі-ромбікі, быццам ты ўнутры атракцыёна, які стварае прасторавыя ілюзіі.
Атракцыён сапраўды быў… Такімі ж пліткамі-ромбікамі выкладзены пад'езд, дзе знаходзіўся музей аднаго савецкага паэты, пра які я напісала рэпартаж. Надта ж уразіла ўсё – і злавесна-ціхі пад'езд з каванымі балясінамі і вітражамі ў стылі арт-нуво, і вельмі савецкая экспазіцыя, дзе дэманстраваліся шматлікія ўзнагароды і пасведчанні паэта, а пра ягоную рэпрэсаваную радню і расстраляных сяброў – нічога… А паколькі я яшчэ згадала, што сюды рэдка ходзяць наведнікі, кабеты, якія кіравалі музеем, закідалі ўсе інстанцыі і мяне асабіста абуранымі скаргамі і патрабаваннямі нахабную і недасведчаную «привлечь по всей строгости». Якраз цяпер я была ў стадыі чакання… ну, не арышту – але чагось таксама непрыемнага… Праўда, звольняць наўрад – я ж дзеўка «пісучая», як у нашай тусоўцы кажуць… Але прыкра было, праўда. Затое гэтую прыкрасць можна выкарыстаць і для Справы – каб лепш зразумець сваіх герояў, якія таксама зведалі даносы і дурныя абвінавачванні.
А вось і патрэбная кватэра… На самым верхнім паверсе, дзесьці непадалёк вартуюць дах каменныя калгасніцы. Дзверы старыя, з натуральнага дрэва… Ад нумара засталася адна металёвая лічба, другую можна адгадаць па цёмным адбітку: «37».
Як для мяне, дык запомніцца на раз: самы расстрэльны год – 1937.
Блін, толькі не дрыжэць… Не чырванець, не пацець, не зглытваць сліну і не адводзіць вочы, як школьніца! А сэрца пад акампанемент званка білася ўсё хутчэй… Баязліўка, закаханая дурында…
Высокая і шэравокая прычына маёй панікі, Гальяш адчыніў і ветліва адышоўся ўбок, прапускаючы мяне ў кватэру. Вядома, ён быў у кашулі ў краткі. Зялёна-белыя.
– Прывітанне… Сімка.
Перад