Час чумы (зборнік). Уладзімір Арлоў

Читать онлайн книгу.

Час чумы (зборнік) - Уладзімір Арлоў


Скачать книгу
сем вярхоў Сафіі.

      Зазванілі да палудніцы. Першы ўдарыў па сонечнай цішы сафійскі званар. Яму адразу адказалі Спас-Еўфрасіння і Бельчыцы, а трохі счакаўшы, уступілі ў перазовы астатнія манастыры і цэрквы. Нейкі званар весела зачасціў, але, як быццам узгадаўшы, што не такія цяпер часіны, каб бесклапотна тузаць за вужоўкі, асадзіў сябе, і ягоны звон таксама загучаў няспешна і разважліва.

      Шматгалосая размова званоў нараджала ў князевай душы дзіўнае пачуццё, у якім спакойная вера, што гэты крывіцкі горад будзе стаяць над Дзвіною давеку, спляталася з адчуваннем незвычайнай дужасці, з юначым жаданнем зліцца з канём ды iмчаць па далёкіх дарогах, чуць вецер у вушах, спаць адным вокам каля лясных вогнішчаў… Пачуццё было такое моцнае, што князь радасна разгубіўся. Яшчэ колькі імгненняў ён глядзеў на магутную рачную плынь, на тры стругі пад белымі вятрыламі, што падыходзілі да дзядзінца, і раптам рэзка павярнуў сівага і наўскапыт паляцеў па разложыстай лугавіне.

      Толькі ва ўмывальні, скінуўшы кальчугу і на хвілю прысеўшы на шырокі ўслон, ён адчуў, як гудуць ад стомы рукі, як ные левая нага, зачэпленая некалі літоўскай суліцай. Але стома была не прыкрая, а ўсцешлівая. Князь ведаў, што заўтра ўранні зноў, поўны спрыту і маладой моцы, у кароткай кальчузе і шаломе з барміцай, выйдзе на ганак з разьблёнымі балясамі, і дружына так выгукне «Слава князю Валодшу!», што ва ўсім наваколлі на момант здзіўлена замоўкнуць жаўрукі.

      Другі месяц князь не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам. Нават ваявода Віславус і той дзіву даецца, як улёг ён у ратныя забавы. «Не маладзён ты ўжо, князь, – сказаў неяк ваявода, – не дваццаць табе летаў. Дай удам[1] перадых». Валодша адно засмяяўся і па-ранейшаму дзень пры дні выводзіў дружыну на падсохлую галявіну за сцяною княжага двара, што стаяў на левым беразе Дзвіны, у Бельчыцах. Як і ўсе, браў князь у рукі адмысловы тупы меч, страляў з лука, кідаў у дубовага, глыбока ўкапанага ў зямлю балвана цяжкую дзіду, цэлячы то ў голаў, то ў грудзі, і не бачыў, але адчуваў ухвальныя позіркі Віславуса і ваяроў.

      Па паглядным князевым твары ў аздобе густых кучаравых валасоў знячэўку прабег цень. Валодшу ўспомнілася, як учора пасля вячэрні гутарыў з ігуменам Лукой. Трасучы ад злосці сівой казлінаю бародкай, шчупленькі Лука выгаворваў князю, што не ў адных святых Барыса ды Глеба з бельчыцкага храма просяць ягоныя кметы ратнай удачы. Манахі высачылі, што ўначы людзі з дружыны таемна пераплываюць на чоўне раку і прабіраюцца на старое капішча каля Валовай азярыны, дзе яшчэ Рагвалодаў унук князь Ізяслаў паліў паганскіх ідалаў.

      Ён, Валодша, пераказаў ігуменавы словы ваярам. Гаварыў сувора, углядаючыся ў вочы, але шукаць вінаватых не стаў. Не той час, каб сварыцца з дружынаю. Відаць, сёй-той здагадваецца, што не просты паход збірае ён цяпер. Можа, таму і ходзяць на паклон да даўнейшых багоў. Дый сам грэшны, таксама таптаў сцежку да заклятае азярыны. Хоць і даўно тое было, ды, пэўна, ведае ігумен пра грэх. Але не толькі таму чарнарызец так барадою трос. Князь сам сабе ўсміхнуўся. «Рысь стракатая ізвону, а чалавецы лукавыя знутры». Гэта нагадвае яму Лука, што дакляраваў адпісаць манастыру запалоцкі поплаў, а спраўдзіць не спяшаецца. Мала ім трох весяў са смердамі. Цяпер не выкруцішся, трэба на ігуменаў гнеў, як на хвалі, алею выліць. З ім вбдзіцца таксама не след, дасць Бог, будзе лепшая пара.

      Князь пазваніў у званец, і ў два мігі на парозе вырас халоп з рукамыем заморскае работы. Скінуўшы апратку, Валодша залез у вялізную ліповую балею і з насалодаю падставіў крутыя рамёны і ўсё вялікае, гарачае яшчэ цела пад сцюдзёны струмень з меднай ваўчынае пашчы. Ён радаваўся вадзе і пялёхаўся, як малое дзіця.

      – Глядзі, куды льеш! – нязлосна, але зычна крыкнуў на халопа, і той з перапуду бухнуўся валадару ў ногі.

      – Хрэсціцца раб Божы Мікола, – гундоса і нараспеў, удаючы ігуменаў голас, прамовіў Валодша і выплюхнуў на саламяную халопаву галаву рэшту вады з рукамыя.

      – Не гневайся, княжа… – цягнуў, лежачы ў лужыне, халоп.

      – Калі гневаюся, не ваду лью, – памяркоўна сказаў князь. – Давай ручнік і накажы, каб шукалі Барыску. Няхай да мяне ў святліцу ідзе.

      Хутка русявы прычасаны Барыска ўжо стаяў у дзвярах і церабіў крысо чырвонага каптанчыка. Было відаць, што і твар і рукі малому вымылі кагадзе. Не вытрымаўшы дапытнага позірку шэрых бацькавых вачэй, хлопчык утупіўся ў маснічыну.

      «Падрос Барыска, у плячах пачаў гэтай вясною шырэць. Ваяр расце», – падумаў князь. Падумаў з цеплынёй, што заўсёды агортвала душу, калі быў з сынам, але ўголас сказаў строга:

      – Нягожа, князь Барыс, вочы долу апускаць. Полацкія князі не ў зямлю, а ў неба глядзець мусяць. I не ў парозе іх месца. Хадзі бліжэй!

      Барыска нясмела падышоў.

      – Дзяк казаў, да навукі ты дужа здатны. Даўно паглядзець збіраюся, чаму ён цябе навучыць паспеў.

      Княжыч заліўся чырванню, але пазіраў ужо без боязі.

      – А ну скажы, якое цяпер лета ад стварэння свету?

      – Лета шэсць тысяч семсот дваццаць чацвёртае,[2] – як па пісанаму адмалаціў Барыска.

      «Славаю ці ганьбаю маёй застанецца


Скачать книгу

<p>1</p>

Целу, рукам і нагам.

<p>2</p>

Паводле сучаснага летазлічэння – 1216.