Помнік літары «Ў». Вінцэсь Мудроў

Читать онлайн книгу.

Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў


Скачать книгу
быў ягоным асабістым сябрам, усё адно дзесьці пад сэрцам нарадзілася трывога. Ды яно і зразумела: на мінулым тыдні яму завезлі на сядзібу сорак бетонных слупоў, якія ў паперах значыліся як спісаныя, а насамрэч былі скрадзены з нейкай будоўлі.

      І вось, блізу абеду, Сцяпан увайшоў у прымальню старшыні, сакратарка адразу ж разнасцежыла масіўныя, з пазалочанымі ручкамі, дзверы, і гэта ўжо дарэшты ўстрывожыла душу.

      Старшыня, Спартак Іванавіч Марусіч, працаваў на сваёй пасадзе другі год. Прыслалі яго аднекуль з Магілёўшчыны, і напачатку ён сядзеў у сваім кабінеце невылазна, нібыта ў крэсла ўмураваны, але апошнім часам стаў гойсаць па раёне і наводзіць парадак. І першае, што зрабіў, – перавёў ў простыя інжынеры загадчыка аддзела капітальнага будаўніцтва выканкама. А цяпер, па чутках, збіраўся ўшчыльную заняцца ўладальнікамі аграсядзібаў.

      Кіраўнік раённай «вертыкалі» сядзеў за сталом і размашыста падпісваў нейкія паперы. Нарэшце ўзняў вочы, акінуў наведніка дапытлівым позіркам, нібыта спрабуючы даўмецца – чаго ён тут таўчэцца, і толькі тады кіўком галавы паказаў на крэсла.

      – Ты беларускую мову ведаеш? – знянацку запытаўся Марусіч і пытаннем такім канчаткова збянтэжыў наведніка.

      – Вучыў калісьці… у школе, – прамармытаў Сцяпан і яшчэ больш насцярожыўся: ад беларускай мовы нічога добрага чакаць не даводзілася.

      – Усе мы калісьці штосьці вучылі, – гаспадар кабінета закінуў на патыліцу пасму рудых валасоў. – Карацей, сітуацыя такая, – у голасе старшынёўскім загучалі ноткі заклапочанасці і нават лёгкай трывогі, – да нас едзе місі-іс… – Марусіч адгарнуў старонку настольнага календара, падслепавата прымружыўся, – …місіс Каліста Маер-Бянькофф. Не простая, скажу табе, госця: з дзвюма «ф» пры канцы прозвішча і з некалькімі мільёнамі на банкаўскім рахунку.

      Зразумеўшы, пра што гаворка, Сцяпан перавёў дых, адкінуўся на прыслон дыхтоўнага крэсла.

      – Спартак Іванавіч, дык у мяне ж звычайная, гонтай крытая хата. Куды ў такую халупу заморскую мільянерку сяліць. Вунь, у іншых… двухпавярховыя сядзібы, аўстрыйскі фаянс..

      – Ты не зусім разумееш сітуацыю, – перарваў Спартак Іванавіч і зноўку, цяпер ужо ліхаманкавым рухам, перагарнуў настольны каляндар. – Мільянерка родам з нашых мясцін і прагне панурыцца ў часіны дзяцінства. Так што ніякіх еўрарамонтаў, ніякіх сілікатаў-ламінатаў. Я тут з дырэктарам музея дамовіўся. Прывязуць табе кросны, маслабойку, лапату, яшчэ якога антыкварнага начыння…

      – Якую лапату? – з панічнай інтанацыяй перапытаў наведнік.

      – Якой бабы каравай у печ садзяць. Трэба будзе, да ўсяго, і хлеб спячы.

      Пачуўшы такое, Сцяпан заклапочана кашлянуў.

      – Ці не зашмат турботы будзе з той госцяй. Дый караваі ў нас ужо сто гадоў ніхто не пёк…

      – Нічога, знойдзеш якую бабулю… Пагатоў, прыезд гэтай… як яе… з дзвюма «ф»… знаходзіцца на кантролі аблвыканкама. Уцяміў?

      Сцяпан ізноўку кашлянуў, цяпер ужо з пакутай.

      – Ну не ўздыхай ужо так, – гаспадар кабінета чарговым разам скасіў вока на каляндар. – Ты, дарэчы, колькі маеш з чалавека?

      – Дзесьці дванаццаць даляраў у суткі, – з неахвотаю адказаў Сцяпан, напусціўшы на твар устурбавана-заклапочаную гімору.

      – А тут атрымаеш у дзесяць разоў больш. І прыедзе яна не адна, а з унучкай. Так што падлічы сутачныя прыбыткі і рыхтуй аграсядзібу для сустрэчы дарагіх гасцей.

      Падрахаваўшы ў галаве прыбыткі, наведнік прыкметна пажвавеў, памкнуўся ўзняцца з крэсла, але Марусіч паўтарыў пытанне, на якое дагэтуль не пачуў адказу:

      – Дык як у цябе… з беларускай мовай?

      Спартак Іванавіч зірнуў на Сцяпана з прытоенай усмешкай, ледзь прыкметна варушачы верхняй, кепска паголенай губой.

      Хвіліну Сцяпан няўцямна лыпаў вачыма, дзівячыся – на якую халеру здалася старшыні тая мова, – і Марусіч з вохканнем падняўся на ногі.

      – Амерыканка ж, кажу, з нашых мясцінаў. А яны там усе, хто за акіян падаўся, нацыяналісты. Толькі па-беларуску і шпрэхаюць. Так што прыйшла ўказіўка з вобласці – арганізаваць прыём на матчынай мове, каб на яе ліха… Трэба будзе нейкую культурную праграму задзейнічаць, па раёне правесці, паказаць тое-сёе… Карацей, ёсць у цябе знаёмыя, якія добра мовай валодаюць?

      Сцяпан утрапёна паглядзеў на столь, разявіў у задуменні рот, перабіраючы ў памяці сяброў і знаёмых, але нікога вартага так і не згадаў. Неўзабаве і кіраўнік «вертыкалі» утаропіўся ў столь, заварушыў вуснамі і нечакана ляпнуў далонню па стале – ды так рашуча, што наведнік сцепануўся.

      – Хаміцкі! Паэт наш мясцовы! І як яго адразу не згадаў? – гракнуў Спартак Іванавіч і пры гэтым натхнёна пацёр далоні.

      – Гэта той, што ў газеце працуе? – па голасе Сцяпанавым было зразумела, што ён не падзяляў старшынёўскага натхнення.

      – Працаваў… выгналі за п’янку.

      – Куды ж яго… такога… экскурсаводам браць? Надоечы бачыў ля піўной – стаіць, трасецца ўвесь.

      – Ну дык што нам, з вобласці чалавека выпісваць? – буркнуў Марусіч, – ды і ў вобласці ўжо нікога


Скачать книгу