Проста фантастыка. Уладзімір Садоўскі

Читать онлайн книгу.

Проста фантастыка - Уладзімір Садоўскі


Скачать книгу
захацеў падысці да дзвярэй, але карабель моцна скаланула і хлопец паваліўся на падлогу. Падняўшыся з каленяў, ён усё ж дайшоў да дзвярэй і тузануў ручку. У туфлі хлынула ледзяная вада. Сяргей ускочыў як апараны і адбег назад, але было ўжо позна. Вада пакрыла ўсю падлогу, і ўзровень яе імкліва ўздымалася. Калі вада дайшла яму да каленяў, Сяргей запанікаваў.

      Ён выбег у калідор і агледзеўся. Калідор быў вельмі доўгім, Сяргей не змог убачыць яго канец ні злева ні справа. Усюды былі драўляныя дзверы з нумарамі, а на сценах ўздоўж калідора віселі электрычныя свяцільні. Сяргей не ведаў, што рабіць і куды бегчы. Думкі аб віртуальнасці вылецелі ў яго з галавы. Адзінае, чаго ён хацеў, гэта выратаваць сваё жыццё.

      Вада дабралася Сяргею да пояса. У вадзе цяжка было знаходзіцца, яна была жудасна халодная. Сяргею ж здавалася, што ён стаіць у плыні палаючай вадкай лавы. Ногі, нібы сколатыя тысячамі голак, балелі пры кожным яго руху.

      Хлопец не мог больш стаяць на адным месцы і чакаць канца. Ён пабег. Пабег, што было сіл, прабіваючыся скрозь тоўшчу ледзяной вады, пабег, перамагаючы нясцерпны боль. Сяргей бег, а вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Ён стаў трымацца за сцяну, каб не ўпасці, але ўсё роўна страціў раўнавагу і пагрузіўся ў ваду з галавой. Цела звяло моцнай курчай, павекі зліпліся і не жадалі расплюшчвацца, дыханне перахапіла так, што немагчыма было выдыхнуць. Сяргей перастаў адчуваць ногі і рукі. Ён на імгненне страціў прытомнасць.

      Хлопец ачуняў, з сілай адштурхнуўся рукой ад сцяны і, нарэшце, вырваўся з вады. Было цёмна, Сяргей расплюшчыў вочы, але нічога не змянілася. Рукой ён адчуваў сцяну, а галавой – столь. Хлопец на імгненне спалохаўся, што аслеп, і стаў шалёна круціць галавой і церці вочы, думаючы, што гэта дапаможа вярнуць яму зрок. Але раптам ён заўважыў чырвоны агеньчык далёка наперадзе. Сяргей прыгледзеўся і зразумеў, што гэта гарыць аварыйная лямпа. Але праз імгненне і яна патухла, на караблі канчаткова знікла электрычнасць.

      Дзіўны спакой ахапіў Сяргея. Вада даходзіла да падбароддзя, але яму было ўжо ўсё роўна. Ён не адчуваў ані рук ані ног, ён у прынцыпе дрэнна адчуваў сваё цела, хоць і ведаў, што яго ногі цяпер апантана малоцяць ваду, імкнучыся вынесці хлопца бліжэй да паветра, а яго рукі хапаюцца за згаслую свяцільню, імкнучыся трымаць раўнавагу. Самому Сяргею было ўсё адно.

      Вада дайшла да ўзроўню вачэй, але Сяргей ужо не стараўся ёй перашкаджаць. Ён зрабіў маленькі ўдых – вада ўвайшла ў ноздры. Ён закашляў, вызваляючы лёгкія ад рэшткаў паветра. Ногі перасталі працаваць, рука адпусціла свяцільню, цела пагрузілася на падлогу, на «дно» калідора. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Ён чакаў. Цела не хацела паміраць, але розум ведаў, што ўсё скончана. Сяргей адчуваў, як слёзы нямоглай лютасці выцякаюць з яго вачэй і тут жа распушчаюцца ў спакойнай, саланаватай і нясцерпна халоднай вадзе. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Цела не хацела, але хлопец усё ж зрабіў свой апошні глыбокі ўдых. У лёгкія ўварвалася вада, руйнуючы тканіну, раздзіраючы плоць на часткі. Сэрца яшчэ стукала, яшчэ гнала літры крыві, ужо нежывой крыві па целе. Розум патухаў. Сяргею было ўжо ўсё роўна.


Скачать книгу