Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя. Зміцер Дзядзенка
Читать онлайн книгу.не роўняй сабе. Падставы для гэтага ёсць: жанчыны займалі пры гнілым царскім рэжыме прыгнечанае становішча. Але ў наш час жанчыны, як і іншыя працоўныя слаі, атрымалі роўныя правы з мужчынамі… І ваш прыклад дае нам надзею, што і астатнія чальцы нашай перадавой партыі на шляху да сацыялізму неўзабаве зразумеюць гэтае палажэнне. Так сказаць, жанчына – гэта таварыш камуніста! – і сакратар тыкнуў пальцам некуды ў бок столі, быццам падпіраючы свае словы, завіслыя ў паветры.
Дадому Канстанцін ішоў у задуменні: ён ніяк не мог уразумець, як яму цяпер жыць з Валянцінай, як да яе ставіцца, як абыходзіцца… Добра першаму сакратару – для яго Валянціна толькі чужая жанчына, якая кіруе жансаветам. А як быць яму, мужу гэтай жанчыны?
Дома ён зняў боты, з грукатам паставіў іх у кут. Аднак сустрэць яго, на дзіва, ніхто не выйшаў. З жончынага пакоя былі чуваць галасы. Канстанцін зазірнуў туды: у Валянціны сядзелі чатыры госці – усе маладзейшыя за яе.
Жанчыны павіталіся з гаспадаром, а потым Валянціна працягнула, быццам мужа і няма побач:
– Новы, рэвалюцыйны час жанчыну вызваліў, і гэта значыць, што яна сама павінна заняць годнае месца. І таварыш Аляксандра Калантай правільна вучыць нас, што свабодная жанчына, якая працуе, можа сама распараджацца сваім лёсам, сваёй душой і сваім целам. Не можа быць такога, каб толькі мужчына атрымаў права на выбар жанчыны: яна таксама мае права прыйсці да яго і сысці ад яго.
Жанчыны ўважліва слухалі, быццам вучаніцы вакол наваяўленага прарока – дакладней, прарочыцы.
– А як жа сям'я? – нясмела запыталася адна з іх.
– Пры старым рэжыме лічылася, што сям'я ствараецца на ўсё жыццё. І жанчыне не было куды сысці ад мужа, – цярпліва тлумачыла Валянціна, раз-пораз устрасаючы сваімі чорнымі валасамі. – Яна заставалася служанкай пры ім. Але цяпер мы будуем сацыялізм, дзе жанчына сама зможа зарабіць сабе на жыццё – ёй не патрэбны будзе муж-кармілец. Калі замужняя жанчына пакахае іншага чалавека, яна мае права сысці да яго. А калі проста разлюбіць мужа, то таксама зможа сысці і жыць асобна. Таварыш Аляксандра Калантай вучыць нас, што ў пралетарскай дзяржаве не можа быць эксплуататарскага прымусу ў сям'і.
Маладая кірпатая госця пачырванела, амаль зраўняўшыся колерам з пунсовай хусткай на галаве, і спыталася:
– А чым такая жанчына адрозніваецца ад… – яна замоўкла, падбіраючы найбольш мяккае слова, – гуляшчай?
Павісла напружаная ціша: усіх цікавіў адказ.
– Таварыш Аляксандра Калантай у сваім артыкуле «Каханне і новая мараль» дае нам адказ і на гэтае пытанне. Якія віды адносінаў мы ведаем на сённяшні дзень? Гэта законны шлюб, вольны шлюб і прастытуцыя. З законным шлюбам усё ясна: ён аддае жанчыну ў рабства мужу. Прастытуцыя, адзначае таварыш Калантай, маральна нявечыць людзей, бо робіць жанчыну прадметам гандлю, а мужчыну – спажыўцом гэткага тавару. Гэтыя вычварныя капіталістычныя адносіны не могуць стаць узорам для новага грамадства.
Павісла паўза. Валянціна абвяла сваіх