Гісторыі ў прыцемках (зборнік). Зміцер Дзядзенка
Читать онлайн книгу.народамі. Вы пабачыце, як багата ў нас падобнага, ды што там – аднолькавага, супольнага!
Але я зноў не пра тое… Рэбэ Арон зрабіў таго пражскага голема для майго продка. Вонкава гэтая істота, вылепленая з белай гліны, была – ну, зусім чалавек. Дзіўнага ў тым нічога няма: не так складана знайсці ў Празе скульптара. Думаю, не цяжэй, прынамсі, чым у сённяшняй Воршы – рамізніка. Каб вонкава той голем не дужа адрозніваўся колерам ад скуры чалавека, ён быў увесь злеплены з белае гліны, адмыслова прывезенай з ваколіцаў самога Іерусаліма, з дна Мёртвага мора – па меншай меры, менавіта так сказаў пражскі рабін свайму полацкаму хаўрусніку. Ляпілі яго Францішак і Арон удваіх – кожны сваю частку. Аднаму на долю дасталася галава і тулава, другому – уся частка ад пояса. Падрыхтаванай гліны, аднак, не хапіла на ўсю фігуру: змацаванне паміж абедзвюма часткамі давялося рабіць з гліны іншага колеру – чырвонага. Для таго каб голем ажыў, рэбэ Арон укладаў яму ў рот паперку з напісаным на старагабрэйскай мове заклёнам. Стары кабаліст вывеў на паперцы літары «нун», «гімэль», «гэй», «пэй». З іх пачынаюцца словы фразы «нэс гадоль гая по» – «цуд вялікі быў тут». Заклён той рабіў цуд: голем ажываў і выконваў работу, што яму задавалі. Каб знерухоміць істоту, трэ’ было толькі дастаць у яго з рота паперку. Механізм нескладаны – значна прасцейшы, чым цяперашнія аўтамабілі.
Доктар Скарына скарыстаў зробленую істоту для цяжкой дапаможнай працы пры друкаванні кніг. Стаяць цэлы дзень за варштатам – занятак не з самых лёгкіх. Тут і прыдаўся гліняны голем: стомы ён не адчуваў, бо не быў, як ні кажы, жывой істотай. Карміць-паіць яго – таксама без патрэбы. Словам, ідэальны работнік. Такога немагчыма знайсці ні на брукаваных вуліцах старога горада, ні пад мяшчанскімі стрэхамі, крытымі чырвонай дахоўкай, ні нават у магнацкіх палацах, крытых золатам.
Кампаньёны спадзяваліся на ўдалы гешэфт і вялікія барышы. І нездарма: друк Бібліі (а выдаваць пачалі менавіта яе) – занятак ці не самы прыбытковы. Справы і праўда пайшлі вой як добра! Неўзабаве мой прадзед цалкам разлічыўся з рэбэ Аронам і стаў паўнапраўным саўладальнікам друкарні – нездарма ж ён вырас не абы-дзе, а ў купецкай сям’і.
Вы глядзелі гэтую нядаўнюю фільму, прывезеную ў наш горад, – «Ночы Кабірыі»? Не глядзелі? Ну што ж вы так! Вельмі рэкамендую, вельмі. Схадзіце абавязкова – не пашкадуеце. Шыкоўная фільма, цудоўныя акцёры, усё так прыгожа, такая драма… Напэўна, будучыня ўжо мроілася кампаньёнам у такіх самых маляўнічых дэкарацыях, як у гэтай фільме, – прыгожая, поўная незямное асалоды, з гурыямі з блізкай Асманскай імперыі. Хто б мог падумаць, што такі бліскучы ўзлёт будзе перарваны такім гучным крахам? У далёкіх краях мой прашчур набыў не толькі вялікія веды, але і схільнасць да авантураў. Вы кажаце, што такая схільнасць магла ў яго быць і раней – а то б ён не пусціўся ў далёкія краі па веды, а спакойна жыў бы ў Полацку, пераняўшы бацькаву справу? Можа, і так. Цяжка з сённяшняй званіцы ўгледзець, як там было насамрэч.
Авантурызм і падвёў