Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн книгу.добры здаровы сон, як пісаў нехта з класікаў, – найлепшая страва на банкеце жыцця, пагатоў гэтая страва павялічвае працягласць самога банкету. Мядзведзь у сярэднім жыве гадоў дваццаць, але калі шанаваць сябе і паўнавартасна адпачываць ва ўтульным высланым імхом бярлогу ад падарожжаў, дзяўчынак Машаў ды іншага летняга клопату, то можна, відаць, дацягнуць і да трыццаці.
У тваёй лясной старонцы кожны сабака ведае, што праціраць вочы і выходзіць пасля зімы на людзі ў мядзведзяў зазвычаена на Звеставанне, якое, паводле грыгарыянскага календара, прыпадае на 25 сакавіка. Такім чынам атрымліваецца падвойнае светлае свята, што проста вымагае з’есці на полудзень каго-небудзь больш істотнага за сусліка.
Аднак вось што архіважна: ці спіць з табою твая мядзведзіца, а як спіць, то колькі прыкладна разоў вы прачынаецеся, каб за кошт запасных калорыяў аддацца любові і зноў, пяшчотна абняўшыся, адчаліць у спакойнае мора мядовага сну, дзе цябе чакаюць зялёныя выспы, густа населеныя разнастайнай спажыўнай фаўнай і нечаканымі прыгодамі.
Дык усё ж ці спіць разам з табою твая бурая, з белаю плямкай на грудзях сяброўка?
Зразумела, чаму глуха маўчаць пра гэта энцыклапедычныя даведнікі савецкага часу, калі сексу не было ні ў гарадах і вёсках, ні ў неабсяжных палях і лясах тваёй шчаслівай радзімы. Але ж неяк ты зазірнуў у энцыклапедыю часоў незалежнасці і высветліў, што там праблема па-ранейшаму пакідаецца за кадрам. Калі твая мядзведзіца і сапраўды ўзімку смокча лапу асобна – яўны непарадак, і ты яшчэ падумаеш. Вядома, ад устрымання яшчэ ніхто не памёр, але ніхто і не нарадзіўся…
Ты ўздрыгваеш, адчуўшы на плячы нечую цяжкую руку або лапу. Не, гэта не гаспадар вальеры, а ўсяго толькі працаўнік звярынца – дзяцюк з круглымі шчокамі ды яшчэ не зусім шызым носам (фізіягноміка падказвае, што наступнага разу ён можа нарадзіцца хамяком).
Звярынец зачыняецца? Тады ў цябе адна невялікая просьба: вось грошы, няхай белыя мядзведзі з’ядуць заўтра лішнія дзесяць кілаграмаў добрага мяснога філе, толькі скажыце, калі будзе кармленне, каб прыйсці парадавацца разам з імі.
І апошняе: чаму пустуе клетка бурых мядзведзяў? Былі на кіназдымках? Чаму былі?
Верагодны хамяк напружана маўчыць. Здаецца, яшчэ крыху, і будзе чуваць, як у ягонай галаве варушацца думкі. Нарэшце ён збянтэжана мармыча пра няшчасны выпадак з рэжысёрам. Толькі рэжысёрам. Значыцца, аператара чатырохлапыя акторы пакінулі, каб той мог зняць фінальныя кадры жыцця свайго калегі?.. Лагічна.
Аднак табе ўжо бракуе часу ацаніць атрыманыя наастачу ўсцешлівыя звесткі. З няўхільнасцю навальнічнае хмары насоўваецца хвіля, якой ты чакаў і баяўся.
Трымаючы ў руцэ біклажку з пакінутым глытком, ты падыходзіш да тоўстых жалезных прэнтаў мядзведжае вальеры, і тваё сэрца падае ў глыбокую студню. Але не ад страху: стары белы мядзведзь падымаецца і, з годнасцю пацягнуўшыся, таксама ідзе да агароджы. Дзве спелыя чарнаслівіны знаходзяць твой замглёны блакітнай