Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн книгу.над аднапавярховымі мяшчанскімі мураванкамі канца мінулага стагоддзя падымаецца абшарпаны белы сабор з іржавымі купаламі, а трохі далей – былая кірха з чырвонае цэглы. Яшчэ вельмі рана, і на прыбярэжнай вуліцы можна ўбачыць хіба што ацеслівую постаць нявыспанага вудаля.
Калісьці па гэтай вуліцы прабягаў з вудаю малы Францішак Скарына. Умасціўшыся на цёплым, як чарэнь бацькавай печы, камені, ён пляваў на чарвяка або проста пляваў у ваду, задуменна гледзячы праз Дзвіну на кляштар бернардзінаў, дзе манахі вучылі яго лаціне. Калісьці недзе тут, перад выправаю ў вялікі свет па навуку, прыціскаў да плота дзяўчат безбароды хлапец, якога потым будуць з пашанотаю называць Сімяонам Полацкім.
Зрэшты, падлетак у зашмальцаваных штанах-дудачках і ў светлым курціку з невыразным партрэтам Джона Ленана, што брыдзе ў ранішняй смузе па пустэльнай вуліцы з зашчэпленымі нанач аканіцамі, не шукае сустрэчы з ценямі продкаў. Сёння ўначы ён не заснуў ні на волас з іншае прычыны. Ягоная рука, што сціскае сцізорык, ужо дрыжыць ад знямогі, а павекі ліпнуць на вочы, як мухі на жоўтую ліпучку ў школьнай сталоўцы, дзе ён аднойчы з’еў у заклад трыццаць пончыкаў, запіўшы іх васемнаццаццю шклянкамі брыдкага шэрага кісялю.
Малюючы гэты ранішні абразок, я прапусціў адну істотную дэталь. Увесь горад абклеены аб’явамі з паведамленнем, што заўтра тут адкрываецца чэмпіянат СССР. Хлапчук са сцізорыкам пачаў свой мудрагелісты маршрут апоўначы і, крадучыся ад аб’явы да аб’явы, абышоў ужо амаль усе вуліцы. У кожнай абвестцы пра чэмпіянат ён акуратна выразае дзве літары.
Нястомная начная праца прытупіла пільнасць, і хлапчук не заўважае, што яго ўжо даўно засеклі. Ён трапіў на вока міліцыі яшчэ каля помніка Леніну, які тады і ў страшным сне не мог прысніць, што здарыцца гадоў праз дваццаць з ягоным носам.
Прачытаўшы першую адрэдагаваную хлапчуком абвестку, двое міліцыянтаў шматзначна пераглянуліся і дазволілі юнаму правапарушальніку дзейнічаць далей. Яны былі ў гуморы: у краіне разгортвалася змаганне з п’янствам, і ўчора ўвечары начальнік гарадской міліцыі даверыў ім ганаровае заданне – завесці на расстрэл у задзвінскі лес два дзесяткі тутэйшых жлукталёў. Міліцыянты вырашылі браць злачынцу на гарачым тады, як «расстраляныя» дабрыдуць да горада. Да таго часу, па іхніх разліках, ён павінен быў ухадзіцца з усімі аб’явамі.
Калі рыбакі выцягнулі першага соннага курмеля, а з таго боку, дзе за ракой, над лесам, тырчэлі трубы мясцовага гіганта нафтахіміі, з’явіўся на мосце бязладны збой «расстраляных» п’янюгаў, у гэтую самую хвілю хлапчук са сцізорыкам бездапаможна таргануўся і павіс на руках у міліцыянтаў каля апошняй апрацаванай афішы. «Укусіш, сука, – урэжу па нырках, – на ўсякі выпадак незласліва сказаў сяржант. – Усё жыццё юшкай сцаць будзеш».
Праз колькі гадзін у адной з гарадскіх школаў быў скліканы агульны сход.
Герой мінулае ночы сядзеў на першым радзе побач з маладжавай кабетаю ў форме. Гэта была добра вядомая ў наваколлі інспектарка дзіцячага пакоя міліцыі Луіза Сцяпанаўна.