Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн книгу.Шардыко. Тираж 10 000.
Да гэтае даведкі мне казалі, што дзед Максім хварэў і проста памёр.
Для ўсіх нас так і засталося загадкаю, якім было тое «данное дело».
Памёр у 1930-я гады і другі мой дзед – Арцём. Наконт ягонага лёсу ніякіх даведак не прыходзіла, але з аднаго з рэдкіх бацькавых аповедаў я запамятаваў, што дзед Арцём меў малатарню, а значыцца, і ўсе магчымасьці паўтарыць шлях дзеда Максіма.
Тата, тата… Як рана ты пайшоў, і як позна я вылузаўся з вопрадня інфантыльнасьці…
На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей – беспрасьветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданьне.
Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы – Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі й не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасьля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла замурзаных мяне зь сястрычкаю ды прачытала пакінутую на стале цыдулку, зь якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася з камсамольскай пуцёўкай уздымаць цалінныя землі. Як хутка высьветлілася, тая пуцёўка чамусьці давала Паліне права прыхапіць з сабою маміну кофту і май зь сястрою срэбныя крыжыкі, атрыманыя пасьля хрышчэньня ў копыскай царкве.
Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне відавочна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасьць у гэтай зацятай вайне заўсёды зь нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў.
Аднойчы я быў з татам у бабулі Просі ў Стэцаве. Каля ейнае хаты пасьвілася каза; проста за парогам пачынаўся лес, і пра лесуна, які шмат разоў «вадзіў» яе, прыходзіў на падворак даіць казу і нават начаваў у хаце пад печчу ў калядныя маразы, бабуля апавядала прыкладна так, як магла б казаць пра суседа, што жыў цераз плот.
Яна памерла, калі я хадзіў у трэцюю клясу. Ужо ў студэнцкія гады разоў колькі я меўся зьезьдзіць да бабы Просі на магілу, але так і не сабраўся. Часам я думаю, што зьбяруся, калі здолею ўспомніць бабулін твар.
З другой маёй бабуляю – Аўгіньняй – гэтае праблемы ніколі не паўставала. У любы момант я магу лёгка выклікаць у памяці ня толькі яе твар, але і голас, хаду, адчуваньне ейнае сухое рукі, калі яна вяла мяне зь сястрою на поплаў ці на гумнішча, каб пасадзіць на грудок і пачаць свой урок батанікі.
– Гэта здрыжнічкі, – казала бабуля, – гэта ястрэц, а вунь, на выжарыне, скрыпень зацьвітае. Гэта во драсён, а гэта братаўка…
Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых уляўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маць-імачыху» або «івана-ды-мар’ю», пачынае здавацца, што безьліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы зь сястрою.
Баба Аўгіньня не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, ды несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца