Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
Читать онлайн книгу.траціць прытомнасць. А ў вялізным доме па-ранейшаму панавала начное маўчанне. Нават Дулеб заціх, замоўк, пэўна, самаадключыўся і знаходзіцца ў каморы побач з каміннай залай, хоць у такі час заўсёды бадзёра тупаў вакол дома.
Адзін з Людзей Вялікага Жаху (такі назоў даў прыхадням Гай) нахіліўся над ім, пранізліва зір'нуў зялёнымі вачамі, зрэнкі ў якіх мелі чырвона-залаты ашаламляльны колер. Потым заплюшчыў вочы, амаль прыпаў да Гаевых грудзей і, шумна ўцягваючы ў шырокія ноздры паветра, пачаў абнюхваць яго, як робяць гэта сабакі. Гай трымцеў ад агіды і жаху.
Тым часам акно адчынілася, быццам падзьмуў бясшумны, але дужа моцны вецер, і ў пакой, трывожна асвятляючы яго, пачаў залётваць празрыста-белы дрогкі шар. Акно для яго было вузкаватае, цеснае, і таму ён зморшчыўся па ўсёй сваёй паверхні, падабраўся, нібы старая камера ад валейбольнага мячыка, якая паціху спускае паветра. «Мяне хочуць забраць, пасадзіць у гэты шар», – імгненна здагадаўся Гай. Роспачна зірнуў ён вакол і ўбачыў на пісьмовым стале свой Узмацняльнік волі. «Клён паклаў… Малайчына», – апякла радасная ўдзячная думка. Напружыўшы ўсе сілы, Гай ірвануўся да стала, ударыўшыся ў аднаго з прыхадняў (цела ў таго было халоднае і дрогкае, як студзень), схапіў выратавальную маску.
– Дапамажыце! – закрычаў Гай. Узмацняльнік Волі вярнуў голас і вярнуў рашучасць.
– Што з табою, бацька? – усхапіўся за сцяною Клён.
– Я іду, спадар! – данёсся знізу грымучы голас Дулеба, і цвёрдыя рашучыя крокі пачуліся на лесвіцы.
Успалашыліся і Масейкін з Верай Хрысцінюк. Толькі інспектар Салавей, апусціўшы галаву на грудзі, соладка спаў, нават пасвістваў носам, седзячы на канапе ў каміннай зале.
Унутры ў шары нешта ціха зазвінела, потым шчоўкнула, і яркія прамяні разляцеліся ад яго ва ўсе бакі. Гэтыя прамяні-рукі прыціснулі да сцяны Клёна, які ўжо выбягаў са свайго пакою, каб глянуць, што робіцца з бацькам. Такім жа чынам былі спынены Масейкін і Вера. Толькі магутны Дулеб шырокімі жалезнымі грудзьмі ўдарыўся ў прамень, праламаў сабе дарогу. Але адразу ж пачулася пагрозлівае шыпенне і замест праменя з'явіўся зіхоткі іскрысты шарык, велічынёй з курынае яйка. Ён звонка стукнуўся Дулебу ў лоб, і робат, задраўшы ногі, грузна пакаціўся ўніз па лесвіцы. Гэты грукат разбудзіў нарэшце інспектара Салаўя. Інспектар, трэба аддаць яму належнае, быў не з палахлівых людзей. Дзве страсці валодалі ім: бездакорнае выконванне службовых абавязкаў і фанатычная любоў да старадаўняга сышчыка Шэрлака Холмса. Пра Холмса інспектар мог чытаць заўсёды і ўсюды, толькі, вядома, не на службе. Салавей выхапіў рэвальвер, стрэліў у столь і з крыкам: «Усім стаяць на сваіх месцах!» ірвануўся ўверх па лесвіцы, пераскочыўшы праз пасаромленага робата, які ляжаў на падлозе, як няўклюднае жалезнае бервяно. Але таямнічы шарык і яму звонка ўляпіў у лоб.
Гай, зразумеўшы, што дапамогі ні ад кога не дачакаешся, вырашыў ратавацца самастойна. Ён выкруціўся, вылузнуўся з кабінета, прабег па калідоры і зачыніўся