Зязюля пракукуе заўтра… (зборнік). Анатоль Кудравец
Читать онлайн книгу.ў гэтую ваду.
Хмара разрасталася проста на вачах. Нібы нейкі аграмадны чорны вал, яна кацілася па небе, займаючы ўсю яго шырыню. Відно было, што ў сярэдзіне хмары ідзе несупынная работа, ці то гульня нейкая, ці барацьба. Там, як у вялізнай дзяжы, таўкліся, круціліся, клубіліся цёмныя патокі, і там, дзе яны сыходзіліся ці разыходзіліся, нешта бліскала, як бліскаюць іскры ад удару сталі па крэмені. А то раптам недзе ўсярэдзіне чарнату асвятлялі ўспышкі ядавіта-жоўтага святла – нешта фасфарычнае, аб’ёмнае, і нехта нябачны выказваў незадавальненне глухім каменным рокатам.
Усё гэта чорнае, грознае неслася на сяло, на дрэвы, на хаты, на гумны, і бачылася ў ім адно жаданне – усё зламаць, скрышыць, раскідаць. Але чым бліжэй усё гэта насоўвалася на сяло, тым больш спакойным, замаруджана-дзелавітым рабіўся Павел. Нібыта ўсё, што тварылася ў небе, не цікавіла ці не павінна было цікавіць іх з Іванам.
– Слухай, Павел, можа, нам перачакаць гэта ўсё ўнізе? Ты бачыш, што набліжаецца? – Івана калаціла, ці то ад холаду, ці то ад чаго іншага.
– І бачу, і чую. Нас пасадзілі сюды не проста так. Мы павінны сачыць і бачыць. А калі што… Ты ведаеш, калі што… Глядзі кулямёт.
– Кулямёт я гляджу, а хто нас дагледзіць?..
– Самі дагледзім…
Пацямнела так, быццам наступала ноч. Наляцеў вецер. Ён ішоў верхам, разгойдваючы вяршыні дрэў, і чым далей, тым болей, то кідаў убакі, то закручваў, як верацяно нітку. Трашчалі галіны, спачатку пасыпаліся ўніз маленькія, потым большыя сухія сучкі, паляцела сарванае лісце. Вецер набіраўся злосці, дрэвы хадзілі нібы ў нейкім танцы – туды-сюды, туды-сюды… Пачало задзіраць салому на хаце.
– Ты ўяўляеш, Іван, што цяпер робіцца там, у лесе? – сказаў Павел.
– А ты паглянь, што там робіцца, – Іван пазіраў у бок лесу. Ён перадаў бінокль Паўлу, хоць усё было відно і без бінокля.
Над лесам тварыў баль віхор – там круцілася гэтакая высокая чорная кішка. Нейкі час яна стаяла на месцы, нібы раздумваючы, што рабіць далей, потым выйшла ў поле і панеслася над ім, уцягваючы ў сябе і падымаючы ўгару ўсё, што траплялася на шляху. На дарозе была сцірта леташняй саломы – яе ўзняло над зямлёй, закружыла, разматала на ашмоцце і доўга насіла ў паветры… Віхор ішоў на другі «крук» сяла, на лес, у якім «крук» хаваўся…
– Не хацеў бы я апынуцца там, – Іван паказаў на лес, над якім цяпер панавала чарната, і ў чарнаце той усё танцавала, круцілася, насілася…
– Думаю, па сваёй волі мала хто захацеў бы быць там, – адказаў Павел.
Вецер сціх гэтак жа раптоўна, як і прыйшоў. Кругом стала нязвычна ціха, нібы ва ўсім свеце ўсё застыла – і жывое, і мёртвае.
Неба пасвятлела, быццам збіралася праясніцца.
І тады мужчыны пачулі нейкі незразумелы шум. Цяжка было сказаць, адкуль ён ішоў, – зверху ці аднекуль здаля. Але ён набліжаўся, шырыўся, мацнеў, займаючы ўсю прастору. Шум перайшоў у гул. Здавалася, гэта да маленькай закінутай станцыі набліжаецца цяжкагружаны маленькі цягнік.
Гэта ішоў дождж. Ён ішоў сплашняком, глухой адвеснай