Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Читать онлайн книгу.маёй заўсёднай прагнай цікаўнасці да старажытных фаліянтаў у сямейнай бібліятэцы. Каб не стары слуга Хайрам, мяне б ужо зусім пераканалі, што я звар’яцеў.
Але Хайрам, адданы да апошняга, верыць у мяне і зрабіў нешта, што змусіла мяне падзяліцца са светам прынамсі часткай сваёй гісторыі. Тыдзень таму ён сарваў замок з ланцуга на прачыненых дзвярах склепа і спусціўся з ліхтаром у яго цёмныя глыбіні. На адной пліце ў нішы ён знайшоў старую, але пустую дамавіну, пацямнелая шыльдачка на якой мае адзінае слова – «Джэрвас». У гэтай самай дамавіне і ў гэтай самай грабніцы мяне паабяцалі пахаваць.
Палярыс
У паўночнае акно майго пакоя глядзіць Палярная зорка і праменіцца загадкавым святлом. Яна ззяе ў доўгія жудасныя гадзіны суцэльнай цемры. У восеньскую часіну, калі вятры з поўначы енчаць і лаюцца над зямлёй, а дрэвы над багнай, убраныя барвовай лістотай, перашэптваюцца ў зацішныя хвілі перад світаннем пад рагамі месяца на зыходзе, я саджуся ля акна і гляджу на зорку. Неўзабаве з вышынь сыходзіць зіхатлівая Касіяпея, і Вялікая Мядзведзіца паўстае над балотнымі дрэвамі, якія, патанаючы ў смузе, хістаюцца на начным ветры. Перад самым світанкам Арктур мігціць чырванаватай зрэнкай па-над могільнікам на спадзістым грудзе, і Валасы Веранікі таямніча ззяюць далёка на ўсходзе, а Палярная зорка, нерухомая, усё свеціць з чорных скляпенняў, агідна падміргваючы, як вока вар’ята, і, здаецца, хоча паведаміць мне штосьці. Тады я прыгадваю вестку, якую яна прынесла мне аднойчы. І толькі зрэдку, калі неба зацягнутае аблокамі, я магу заснуць.
Я памятаю тую ноч. Вячэрні золак палымнеў у нябёсах, і над багнішчамі, як здані, шугалі водбліскі нябеснага агню. Потым згаслі апошнія прамяні сонца, неба зацягнула хмарамі, і я заснуў.
І ўбачыў я горад, ахінуты месячным ззяннем. Зацішны і сонны, ляжаў ён на пустынным плато паміж двума самотнымі ўцёсамі. Гарадскія муры і вежы, калоны і купалы былі складзеныя з бледнага мармуру. Над вуліцамі, выбрукаванымі мармуровымі плітамі, узвышаліся мармуровыя стэлы з выразанымі абліччамі доўгабародых старцаў на вяршынях. Паветра было цёплае і нерухомае. А ў вышынях, амаль у самым зеніце, ззяла Палярная зорка, нібы ўсёвідушчае вока. Я доўга стаяў, сузіраючы горад, але світанак так і не надышоў. Калі барвовы Альдэбаран, які зіхацеў нізка над зямлёй, прайшоў чвэрць свайго шляху вакол гарызонту, я ўбачыў, што ў вокнах дамоў пачалі запальвацца агні, і вуліцы горада ажывіліся. Постаці ў дзіўнай адзежы, адначасова недасяжныя і блізкія, рухаліся вуліцамі, ахінутымі месячным ззяннем, і прамаўлялі на мове, якую я разумеў, хаця яна не была падобная ні да адной з вядомых мне. Калі барвовы Альдэбаран прайшоў больш за палову свайго шляху вакол гарызонту, у горадзе зноў запанавалі цішыня і цемра.
Калі я прачнуўся, то зразумеў, што ўжо ніколі не буду ранейшым. Відзежы горада нехта нібыта выгравіяваў у маёй памяці, а ў душы пачыналі абуджацца цьмяныя ўспаміны, чыю прыроду я не мог зразумець. Пазней я часта