Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн книгу.

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
Пранціш. – Я на святых айцоў нагледзеўся – і ў расах, і ў цывільным. І ў Тамашове пан Шрэдэр дакладна бываў!

      – Дзе таксама даводзіў, што ён не блюзнер, – прабуркатаў Бутрым, кідаючы пагляд на ўласную прабітую руку. – Спадзяюся, што хаця б да суполкі айца Габрыелюса нашы спадарожнікі не маюць дачынення. Ведаеш, неяк мне не надта хочацца зноў з той кодлай, завернутай на таемных ведах, звязвацца.

      Вецер быў не халодны, але ўжо і не летні – з першым подыхам восені. Карэта кацілася няхутка, хаця драгун зараз прыпусціў бы чуйдух цераз вунь гэтае поле…

      – Чым пан Вырвіч так пераймаецца? – ціха спытаў Лёднік. – Амерыканскае рэха, так бы мовіць?

      Вырвіч патрос галавой.

      – Ды не… Вядома, смыліць, і на панну Паланэю я не забудуся ніколі, але тое, што я яе страціў – усё роўна, як упэўніцца, што па аблоках нельга прабегчыся. Ведаеш, можа, таму і страціў, што ніколі да канца не верыў, што змагу ажаніцца з сястрой князя Багінскага.

      – Тады што цябе так трывожыць? – асцярожна спытаўся доктар. Вырвіч нейкі час ехаў моўчкі, апусціўшы галаву.

      – Мне здаецца, я… нейкі няздара. Я не ведаю, хто я, для чаго існую. Смешна, што трэба было дажыць да дваццаці трох гадоў, каб задаць сабе такія пытанні! – Пранціш горка засмяяўся. – Не пярэч, я праўду кажу. Вось ты спрабаваў прыладзіць мяне да навукі… Так, мне многае было цікава, я някепскім мог бы стаць доктарам… Але ты сам ужо ў маленстве не меў ніякіх ваганняў і гатовы быў дзень і ноч праводзіць за доследамі, ахвяруючы гульнямі. У мяне ж такой жарсці ніколі не ўзнікала. Магу ў механізме пакалупацца, магу ў карты пагуляць – з аднолькавым задавальненнем. Вось, думаў – вайсковая справа мяне захопіць… Што ж, я – добры вой! – Вырвіч сказаў гэта без ценю хвальбы. – Але прысвяціць жыццё вайне… Муштры… Гэтага ўжо мала. Заняцца гаспадаркай? Выкупіць зямлю ў Падняводдзі, што належала продкам? Заснаваць мануфактуру? Мяне праз месяц пацягне ў вандроўкі. Ты навучыў мяне фехтаванню – але і тут я не гатовы, як ты, адпрацоўваць якісь скачок дні і ночы, пакуль не атрымаецца. Нават у каханні я – не гарачы і не халодны, а цёплы, які стан асуджае нават Святое Пісанне. Ну не кінуўся ж я біцца да смерці з панам Гервасіем Агалінскім, не ірвануў за Паланэяй у Амерыку, як кавалер дэ Грые за Манон Ляско… А каб панна зараз прыехала да мяне – уцякла, скажам, ад мужа ці засталася ўдавою, з дзіцем на руках – я б, вядома, прыняў яе з радасцю… Але крылы б у мяне не выраслі, прызнаюся сумленна. Я, напэўна, недастаткова яе кахаю, каб прабачыць усё і прыняць усялякай. Вось, Багінская папракала мяне, што я не звяртаў увагі на яе камерыстку Ганульку, якая ў мяне так закахалася, што да нервовай гарачкі дайшла. Мне шкада той дзяўчынкі… Але я да яе ўсё роўна абыякавы. Ні ў чым няма ў мяне пэўнасці, простай лініі. Так, я праваслаўны, веры не зракуся, але мне не падабаецца, што маю зямлю заваёўваюць мае адзінаверцы з Расіі. Я ліцвін, але мяне лічаць здраднікам суайчыннікі, бо трымаюся сваёй веры і супраць, каб зачынялі мае храмы. Як быццам у мяне дзве душы, і ніводная не адчувае спакою і паўнаты быцця.


Скачать книгу