Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слугу трэба было паставіць на месца… А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца, ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? І не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага надзейнага пляча побач?
Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй:
– Пан загадвае ісці далей?
Гэткім бяздушным, сухім, як чараціна, голасам, з належнай дозай ветласці… Пранціш ажно ўзвыў:
– Ну добра! Добра! Я пагарачыўся! Я шкадую! Але ж у шляхціца ёсць святыя рэчы… Табе не зразумець… Што мне цяпер, прабачэння прасіць да вечара?
Лёднік скептычна хмыкнуў:
– Дзе ўжо мне, бязроднаму, зразумець шляхецкія тонкасці!
Але ў Пранцыся палягчэла на душы, бо ён адчуў у доктаравым голасе знаёмыя з’едлівыя ноткі. Усеўся побач, загаварыў прымірэнча:
– Бацька мяне вучыў, што радавая зброя – не проста шабля, яна аплочаная крывёй продкаў… Як і ўсе нашыя прывілеі. І мой бацька ваяваў, ішоў у паспалітае рушэнне, не за сябе – за радзіму, за Княства Літоўскае, за беларускую зямлю… На ім ведаеш, колькі шнараў ад варожай зброі? І мяне з дзяцінства прывучаў, што я павінен увесь час быць гатовы аддаць жыццё за Айчыну. Без развагі, па першым поклічы. Загартоўваў… Калі я быў малы, адпраўляў мяне, напрыклад, ноччу на поле прынесці некалькі каласкоў – а поле каля самых могілак… А колькі Вырвічаў галовы склалі ў бойках – з маскоўцамі, з татарамі, са шведамі!
– Я шаную тых, хто аддае жыццё за радзіму, ваша мосць… – ціха сказаў Лёднік. – Я не хацеў абразіць вашых продкаў і вас. Мае продкі таксама, хоць і не былі шляхціцамі, гінулі за вольны Полацак. Прадзед з братамі стаяў на мурах, калі горад асаджвалі войскі Івана Жахлівага. Маскоўцы нагналі гарматаў вялікага нараду, закупленых у Ангельшчыне, што стралялі ядрамі па дваццаць пудоў… Сеча была страшэнная, на абарону сталі ўсе – жанчыны, дзеці, старыя. Хаця напачатку нават малебны служылі за праваслаўных братоў, спадзяваліся, што скончацца з іх дапамогай напады каталікоў ды ўніятаў, пакінуць у спакоі праваслаўныя храмы… Але з чужымі гарматамі воля не прыходзіць. Тады малады князь Ян Глябовіч, які кіраваў абаронай Запалоцця, прапанаваў даць зброю “чорным людзям”, сялянам… І што ты думаеш? – доктар правёў рукой па твары. – Ваявода Давойна адмовіўся… І горад быў узяты. І больш паловы жыхароў выразана. А самых радавітых шляхціцаў пагналі ў маскоўскі палон, хоць многія з іх былі такімі ж праваслаўнымі, як маскоўскі цар. А ўсё з-за таго, што высакародны пан не прызнаў за чорнымі людзямі права мець радзіму і бараніць яе. А сто гадоў таму пятнаццацітысячнае войска ваяводы Трубяцкога спыніў аддзел простых мужыкоў з Калеснікаўскага павету – іх было ўсяго тры тысячы, але ім абрыдлі рабаўнікі. Калі маскоўцы