Коннік без галавы. Майн Рыд
Читать онлайн книгу.жа строга, як калі б там стаяў армейскі корпус. I тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй роты, каб падрыхтаваць яе да агляду, які праводзіў маёр, камандзір форта.
10 Каса-дэль-Корва
Маёнтак, ці асьенда, Каса-дэль-Корва працягнуўся па лясістай даліне Ляоны больш чым на тры мілі і ішоў на поўдзень у прэрыю на шэсць міль.
Дом плантатара, які звычайна, хаця і няправільна, таксама называлі асьендай, стаяў на адлегласці гарматнага стрэлу ад форта Індж, адкуль была бачна частка яго белых сцен; астатнюю ж частку асьенды засланялі высокія дрэвы, якія акружалі берагі ракі.
Месцазнаходжанне асьенды было незвычайным і, безумоўна, выбрана па меркаваннях абароны, бо ў тыя часы, калі закладваўся падмурак дома, каланісты апасаліся набегаў індзейцаў; зрэшты, гэта небяспека пагражала ім і цяпер.
Рака робіць тут крутую лукавіну ў форме падковы ці дугі ў тры чвэрці круга; на яе хордзе, ці, дакладней, на паралелаграме, што прымыкаў да яе, і была пабудавана асьенда. Адсюль і назва «Каса-дэль-Корва» – «Дом на лукавіне».
Фасад дома павернуты ў бок прэрыі, якая рассцілаецца верад ім да самага гарызонта; у параўнанні з гэтым цудоўным лугам каралеўскі парк здасца зусім маленькім.
Архітэктурны стыль Каса-дэль-Корва, як і іншых вялікіх памешчыцкіх дамоў Мексікі, можна назваць маўрытанска-мексіканскім.
Дом – аднапавярховы, з плоскім дахам – асатэяй, абнесенай парапетам. Унутры знаходзіцца пакрыты плітамі двор – «паціо» – з фантанам і лесвіцай, што вядзе на асатэю. Масіўная драўляная брама галоўнага ўвахода; па абодва бакі ад яе – два ці тры акны з жалезнымі кратамі. Такія характэрныя асаблівасці мексіканскай асьенды. Каса-дэль-Корва мала чым адрознівалася ад гэтага тыпу старадаўніх будынкаў, раскіданых па ўсёй агромністай тэрыторыі Іспанскай Амерыкі.
Такім быў маёнтак, які нядаўна набыў луізіянскі плантатар.
Да гэтага часу не адбылося ніякіх перамен ні ў знешнім выглядзе дома, ні ўнутры яго, калі не гаварыць пра яго жыхароў. Асобы напаўангла-саксонскага, напаўфранка-амерыканскага тыпу мільгаюць у калідоры і ў двары, дзе раней можна было сустрэць толькі чыстакроўных іспанцаў; а замест багатай, гучнай мовы Андалузіі цяпер чуецца рэзкая, гартанная гаворка і толькі зрэдку музыкальная крэола-французская.
За сценамі дома, у накрытых юкавым лісцем хацінах, дзе раней жылі пеоны, адбыліся больш заўважныя перамены. Там, дзе высокі худы вакера ў чорным глянцавым капелюшы з шырокімі палямі і ў клятчастым серапе на плячах, пазвоньваючы шпорамі, важна хадзіў па прэрыі, цяпер расхаджвае фанабэрысты наглядчык у сіняй куртцы ці плашчы, шчоўкаючы сваім бізуном на кожным кроку; там, дзе чырванаскурыя нашчадкі ацтэкаў, ледзь прыкрытыя аўчынай, сумна хадзілі каля сваіх хакале, цяпер чорныя сыны і дочкі Эфіопіі з ранку да вечара балбочуць, спяваюць і танцуюць, як бы абвяргаючы сцверджанне, што рабства – гэта няшчасце.
Ці да лепшага гэта перамена на плантацыях Каса-дэль-Корва?
Быў час, калі англічане адказалі б на гэта пытанне «не» з поўнай аднадушнасцю