Маўчы і будзь хітрым (зборнік). Кастусь Травень
Читать онлайн книгу.нярвова запытаўся рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў, які старанна імкнуўся стварыць уражанне, што кіруе плынню вышуку. Думка Заядаліна спачатку спадабалася яму сваёй магчымасцю для манеўра, хоць і раздражняла старэчым шматслоўем. Але ў якім святле пры гэткім варыянце магло б выглядаць кіраўніцтва універсітэта, ды і сама ўлада? Пэўна, у смешным, нават анекдатычным! У гэтым выпадку не толькі рэктар, але і ўвесь рэктарат і нават супрацоўнікі міністэрства з трэскам страчвалі свае пасады.
Намеснік міністра асветы Мардзюховіч пільна слухаў Заядаліна, задумліва варушыў сваімі махнатымі рудымі бровамі, чым нарэшце збянтэжыў ветэрана, які разгублена гартаў старэчай дрыготкай рукой лісты з матэрыяламі камісіі, блытана адказваў на пытанні, мусолячы ўжо агучаную версію пра наўмысны зман. Нарэшце чырвоны, узмоклы і злосны Заядалін сеў за стол.
Гаварылі шмат і доўга, выказвалі самыя неверагодныя гіпотэзы. Меркаванне Паўла Паўлавіча не здабыло падтрымкі найлепшых аналітыкаў універсітэта, бо перакладала адказнасць з боку спецслужбаў на рэктарат універсітэта. Да таго ж гэта была б маральная перамога апазіцыі, якая паставіла б уладу ў смешнае становішча.
Дасведчаны намеснік міністра цярпліва выслухаў усе меркаванні, нічым не выказваючы свайго стаўлення да справы. Выслухаўшы ўсіх, Сымон Апанасавіч зірнуў на гадзіннік вытворчасьці менскага завода «Прамень» і жорстка, так што ні ў кога з прысутных не ўзнікла нават і ценю нязгоды, зазначыў: – Камісія сваёй працы не выканала. Яна гатова спусціць справу на тармазах. Здзейснена нахабная ідэалагічная дыверсія, нанесена непапраўная шкода міждзяржаўным дачыненням, зняважаны ветэраны. Гэта першае. З другога боку, чаму таленавітыя людзі працуюць на нашых незычліўцаў? Чаму не на Айчыну?! Чаму не заўважаем таленавітых? Не вылучаем іх!? Таленту патрэбна ўвага і цеплыня, матэрыяльная падтрымка. Між тым ва універсітэце назіраюцца выпадкі цкавання здольных навучэнцаў паводле нацыянальных адметнасцяў. Некаторыя выкладчыкі не валодаюць і, самае галоўнае, не хочуць ведаць адну з дзяржаўных моваў. Выказваюць знарок падкрэсленую грэблівасць, тым самым распальваюць агмень міжнацыянальнай варожасці.
Дзябёлы, мажны намеснік, заўсёды ветлівы і выхаваны, часцяком вясёлы, цяпер быў нязвыкла суворы, глядзеў з-пад касматых броваў незадаволена, без усялякай літасці, і рэктар Сцяпан Ахмедавіч П’янкоў зразумеў хісткасць свайго становішча.
– Скажу болей, некаторыя адказныя кіраўнікі, выкладчыкі, навукоўцы стварылі манаполію, супольнае кола навуковай і выкладчыцкай дзейнасці і нішчаць самых таленавітых і здольных. Сфармавана выява ворага ў выглядзе мясцовых энтузіястаў нашай дзяржавы. Сёння нам гэткія людзі не патрэбны. Сусветная эканоміка, тэхналогія, навука імчаць наперад. Беларуская мова нам не вораг, гэтаксама як і сапраўдная гісторыя краіны. На гэтым прапаную абмеркаванне скончыць, брацца за настойлівую працу.
Намеснік крыху памаўчаў, паглядаючы востра і калюча на чальцоў камісіі, нават ветэран