Заўтрашні дзень. Кузьма Чорны
Читать онлайн книгу.Дубы стаяць, як каменныя горы. Магутная сіла i найтанчэйшае хараство зліліся тут у непадзельнае i вялікае, як свет, адзінства. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. А пасля на ўвесь дзень трава пачынае спяваць сваю ціхую песню пад роўным ветрам.
У гэтым кутку, дзе хадзіў цяпер Коля Сушчэвіч, была ўжо зусім глухата. Самае люднае месца, бліжэйшае адсюль, гэта i быў той раённы пункт, за дзесяць кіламетраў, на шляху. вітая дарога, як размінуцца двум з калясьмі, ішла скрозь полем, пасля бралася паўз лес, i там над ёю навісалі, кіламетраў на два, бярозы i роўна ўзнімаўся граб. З другой стараны ішла шырокая града хваёвага лесу, i ясным адвячоркам ціхае сонца доўга ляжала на старых хвоях. ціхае хараство знікала доўга i незаўважана, i здавалася, што i ўночы штосьці ад яго асталося на дрэвах. Я памятаю, як у гады першай маладосці мне заўсёды хацелася на ўсю ноч аставацца пад тымі хвоямі. Скрозь паўз лес дарога даходзіла да акружанага з трох бакоў лесам поля. Гэта было падобна да шырокай паляны. Шэсць хат стаяла там маляўнічым непарадкам, не ў вуліцу, а абы-як. Адна хата стаяла задам у вокны другой, другая бокам да глухой сцяны першай, i ўсе далёка адна ад адной. Будаваліся тут, не ашчаджаючы месца. Хаты былі няроўныя, былі вялікія, з кветнікамі перад вокнамі i з маляванымі вокнамі i дзвярыма. Былі новыя, яшчэ з жоўтым колерам свежага дрэва i з нявыветранай свежай смалой на хваёвым бярвенні. Былі i малыя хаты. Цесныя i старыя. Гэтыя даўно аселі i цяпер трухлелі сярод сваіх прыбудовак i дрэў. Дарога праходзіла паміж імі i ішла праз лес. Толькі з аднаго боку гэты дробны пасёлак не быў адгароджан ад шырокага свету лесам. Там было поле, крыху ўзгорыстае, высокае, са старой прысадзістай арабінай, у якой была ададрана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. ці то гэта маланкай у навальніцу, ці чыёй злой рукой. Арабіна стаяла на ўзвышшы, i ад яе да хаты полем вілася сцяжынка.
Самая крайняя ад поля з арабінай хата была новая i няскончаная. Вокны ў ёй былі забіты дошкамі наглуха, i ніякай агароджы каля яе. Спарыш i трыпутнік буялі навокал гэтай неабжытай будыніны. Мокрая i прыціснутая восенным холадам, цяпер гэтая расліннасць усё яшчэ гусцілася i ўпарта зелянелася. Ганка пры новай хаце з забітымі вокнамі таксама не было. Парог у сенцы быў высокі, падмуроўка ўжо была гатова, з роўна складзенага вялікага камення, змацаванага цэментам i абсыпанага жвірам. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя i шалёўка на іх шчыльна дапушчана. відаць, што ўсё тут рабілася як навек, каб стаяла доўга i, як кажуць, на месцы гніло. Усярэдзіне яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. З пілованых плашак сцяна выгароджвала ў хаце кухню, а сцяна з дылёвых дошак – шырокую бакоўку. Вокны рабіліся вялікія, павінна было тут быць светла i прасторна, i, відаць, гаспадар меў густ да выгоды ці, у кожным разе, прагнуў яе. Але нейкі марны лёс скепсціў чалавечыя замыслы. Ужо i дах з гонты пачаў чарнець, а знізу ўсё так i асталося без завяршэння. Вераб'i снаваліся з хаты i ў хату праз шчылле ў забітых