Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Читать онлайн книгу.памерці… не паміраць… Але аб тым, каб не стралялі, не просяць. Бо якая ж гэта вайна, калі не страляць?!
Быў у маім журналісцкім жыцці эпізод, калі давялося самому ствараць «рэканструкцыю». У 1985-м, напрыканцы сакавіка, газета «Труд», дзе я тады працаваў беларускім сабкарам, з нагоды 40-годдзя Перамогі над Германіяй вырашыла зладзіць семінар галоўных рэдактараў прафсаюзных газет з краін сацлагеру. Пачаць было даручана з Брэсцкай крэпасці. А пасля ўжо рухацца «па маршрутах партызанскай славы» – так было сказана ў пісьмовым даручэнні – на Мінск.
…Пад Івацэвічамі аўтобус сустрэлі дзяўчаты з хлебам-соллю, «газікі» і БТРы. Усім параздавалі гумавыя боты, парасселіся па «газіках» ды БТРах, і па гразкім праселым сакавіцкім снезе ды глыбокай каламутнай вадзе рушылі ва ўрочышча, дзе падчас вайны месціўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння. Да ўзгорка, пад якім той штаб і месціўся сярод соснаў, дабіраліся яшчэ з кіламетр пешшу, праз балота і непралазны хмызняк. Не паспеў я падумаць, што назва ўрочышча – «Хаваншчына» – цалкам адпавядае партызанскай патрэбе хавацца, як пачуў нейкія ўсхліпы. «Тут… тут… у Беларусі… загінуў бацька», – амаль нячутна прамовіла рэдактарка з ГДР. Захінуўшы шалем твар, на якім засталіся толькі счырванелыя вочы, яна ледзь перасоўвала ногі, а потым і ўвогуле апусцілася ў снег…
Яна ўсхліпвала ўвесь час, пакуль мы аглядалі дыхтоўныя, з моцных бярвёнаў, хаты, дзе па версіі рэканструктараў месціліся сам штаб, шпіталь, тыпаграфія, побач – лясная школа… Усё гэта нагадвала хутчэй базу адпачынку. Але на парозе «штаба» нас чакаў ягоны сапраўдны, які быў падчас вайны, начальнік, у «шпіталі» – той самы хірург, у «тыпаграфіі» – той самы наборшчык, у «лясной школе» – тая самая настаўніца. Нават мужчыны, што варылі ў вялізным катле бульбу і ахалоджвалі ў снезе бутлю з мутнаватым самагонам, абодва былі з колішніх партызанаў.
Немка працягвала бязгучна плакаць.
Я прыабняў яе за дрогкія плечы. І раптам пачуў нешта нечаканае – страшнаватае і зусім не гэдээраўскае: «Яны… яны жывыя… А мой татачка…»
І яна ізноў захлынулася нябачнымі слязьмі.
Мабыць упершыню я хутчэй адчуў, чымсьці зразумеў, якая ненатуральная для чалавека і чалавецтва гэтая з’ява – вайна. Але ж коціцца смяротным колам праз лёсы, пакаленні, стагоддзі…
Дык, можа, натуральная?
Што ж натуральнага ў тым, калі адных вайна пакідае жывымі, а іншых малоціць ушчэнт?! Не, заставацца на вайне жывымі зусім ненатуральна. Адзінае, што можа зрабіць вайну натуральнай – усеагульная пагібель, усеагульнае сканчэнне жыцця на Зямлі.
Вось я і думаю: што ж фальшывага ў дзіцячых гульнях дарослых? А тое, думаю, што яны ствараюць ілюзію натуральнасці войнаў. То бок, даводзяць, што чалавецтву без войнаў не жыць.
…Аляксандр Гардон, расійскі тэлевізійны гуру, пытаецца ў нябачнага апанента: «А ці памятаеце вы, як у дзяцінстве гулялі ў вайну, у «немцаў» і «рускіх»?» І выцягвае аднекуль з недасяжных глыбінь інтэлекту выснову: «Вось і вы, украінцы, зараз немцы для нас…»
Такая вось ваенна-гістарычная