Мосцік над вечнасцю (зборнік). Сяргей Ваганаў
Читать онлайн книгу.пячор. Чаго толькі там ні было! Штык-нож яшчэ не самае дзіўнае ў параўнанні з іншай зброяй…
Але на ім была кроў…
І мы панеслі гэты штык-нож у музей.
Я нават не ведаю, ці магчыма з сённяшняга ўяўлення пра музеі лічыць музеем тыя некалькі пакояў на трэцім паверсе старадаўняга будынку на плошчы Свабоды, у якім ад тых часоў і да сёння месцяцца розныя прафсаюзы. Мы гадзінамі хадзілі па тых пакоях, надоўга затрымліваліся ля гарматаў і кулямётаў, разглядвалі выбухоўкі і авіябомбы, самаробныя партызанскія вінтоўкі і аўтаматы, зваленыя ў кучы жалезныя нямецкія крыжы…
Штык-нож прыняў ад нас высокі хударлявы чалавек у чорным пінжаку з медалём і ў светла-зялёных галіфэ, увабраных у скураныя боты. Распытаў, дзе знайшлі, падзякаваў і, вядома, папярэдзіў, каб па крушнях больш не бадзяліся. «Чулі пра хлопчыка, што падарваўся?»
…Праз шмат, вельмі шмат гадоў я пазнаёміўся з Пятром Лавецкім і спытаў у яго, ці памятае ён пра двух хлапчукоў, што ў 1948 годзе прынеслі ў музей штык-нож. Не, ён не памятаў, такіх штык-нажоў, відаць, ад самага пачатку ягонай працы ў музеі была процьма…
А пачатак гэты прыпаў на 1943 год, калі партызаны атрымалі загад збіраць матэрыялы для будучага музея.
16 ліпеня 44-га, пракрочыўшы ў нястройных шэрагах знакамітага партызанскага парада, былы школьны настаўнік прыйшоў у дом на плошчы Свабоды з партфелем, напакаваным гітлераўскімі крыжамі. Потым разам з Пятром Ганчаровым пазычылі ў ваенных карэспандэнтаў «віліс» і паехалі ў Лошыцу, куды была звезена зброя партызан. Да «віліса» прычапілі гармату на драўляных колах. Па дарозе нязвыклыя да бруку колы парассыпаліся, «віліс» давялося адпусціць, і яны пайшлі на Чэрвеньскі рынак па дапамогу. Дапамога сустрэлася ў выглядзе мужыка з партызанскім медалём. «Браток, ты чый? Капыльскі? Дапамажы…» Утрох яны цягнулі гармату праз увесь горад, потым – на трэці паверх. Так «браток» стаўся першым наведвальнікам музея, які яшчэ не адкрыўся.
…У найноўшы музей пад бліскучым шкляным купалам, што нібыта сімвалізуе звергнуты рэйхстаг, я ішоў з патаемнай надзеяй адшукаць той штык-нож з плямамі крыві і тую гармату. Але ўжо ад пачатку прагляду зразумеў, што надзея дарэмная. Бо ад той сапраўднасці, з якой нараджаўся музей, і якая, нягледзячы на спробы схаваць непрыемную для ўладаў праўду пра вайну, усё ж захоўвалася ў музеі на Кастрычніцкай плошчы, не засталося анічога.
А-ні-чо-га!
І гэта пры тым, што, мусіць, як ніводны ў былым СССР ці нават у свеце, музей валодае безліччу артэфактаў часоў Другой сусветнай вайны.
Вайны, пасля якой немагчыма было праціснуцца да здабытых першымі супрацоўнікамі музея фотаздымкаў загінулых падчас акупацыі, да акуляраў, жаночых сумачак ды іншых рэчаў з трасцянецкага пекла, па якіх тыя, хто застаўся ў жывых, шукалі сваякоў, сяброў…
Часам адшуквалі. Трагічныя лёсы…
Не, мусіць не ў артэфактах справа, якія літаральна губляюцца пад коламі, гусеніцамі і крыламі непераможнай армады. Артэфактаў, што сталіся чужынцамі на свяце нахабнага хайтэкаўскага дызайну і ў шоў, зладжаным з дапамогай