Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.экране, і гэтак жа застылі гледачы… Гэта была больш чым гульня.
Запалілася святло… Экран прыбралі, размовы патроху аднаўляліся… Вядома, вочы ўсіх – ці патаемна, ці адкрыта – шукалі герояў драмы… Пан Яўстафій, аднак, не выглядаў узрушаным, ён па-ранейшаму ветліва ўсміхаўся, час ад часу падносіў да вуснаў кубак з віном… Можа быць, ён быў пасвечаны ў незвычайную містыфікацыю? Але калі Любанскі павярнуўся, я заўважыў, як на яго скроні б’ецца жылка… Проста – скронь, сівая скронь немаладога моцнага мужчыны. І цяжкая, упартая пульсацыя – нібы знутры хоча вырвацца неверагоднай моцы шал… І гэтае відовішча чамусьці ўразіла мяне больш, чым калі б Любанскі зараз учыняў харакіры, як героі тэатра ценяў. Я азірнуўся. Пані Ядвіга, па-ранейшаму вясёлая і гарэзная, прахаджвалася між гасцямі. Навошта яна гэта зрабіла? Я дасюль не магу зразумець. Памучыць старога мужа, які яе абагаўляў – як маленькія дзеці мучаюць бацькоў, схаваўшыся і доўга не адклікаючыся на крыкі? Ці хацела намацаць тую мяжу, за якой яе спыняць – некаторым не смакуе жыццё без адчування такой мяжы, без супраціву і забароненасці… Або гэта была проста юная пагарда да ўсіх забаронаў і забабонаў, сцверджаная першым сапраўдным каханнем? Але хто ён, герой раману?
Я мімаволі абводзіў вачыма натоўп, вылучаючы маладых, высокіх, гожых… Можа, гэты – у афіцэрскім мундзіры, з падвітымі колцамі вусікамі? Або вунь той, у белым сурдуце, падобны да антычнага бога са сваімі завітымі кудзеркамі? Ці… той музыка, што стаіць збоку ад бліскучага натоўпу, апусціўшы скрыпку, і ў ягонай паставе – амаль што пагарда? Колькі такіх цікаўных позіркаў скрыжоўвалася ў той вечар у садзе Лошыцкай сядзібы… Прынамсі, справы аднаўлення Менскага Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў цікаўнасці не выклікалі ні ў кога. Так званы свет… Людзі, што жылі на гэтай зямлі, як прыхадні, не пачуўшы яе, не паспрабаваўшы зразумець яе душу.
Я вярнуўся ў гатэль з прыкрым адчуваннем калекцыянера, якому дасталася атрутная архідэя, і ад яе загінулі іншыя экзэмпляры. Так, усё-ткі слова «каханне» мае больш старажытнае паходжанне, чым «любоў»… Каханне – гэта яшчэ з санскрыту. У гэтым слове адгукаецца пракаветнасць – паганскія капішчы, ахвяраванне, смерць… Бог ты мой…
Праз два месяцы я атрымаў ліст з Менску – сябар, які і завабіў мяне на злашчасны баль, распавядаў, як узрушыла ўсіх месцічаў смерць пані Ядвігі Любанскай. Нібыта ноччу пайшла яна чамусьці да Свіслачы, спусцілася па стромым адхоне, села ў лодку… А лодка перакулілася… Так і знайшлі пані назаўтра ў рацэ. Аўтар пісьма відавочна лічыў, што справа нячыстая. І неадменна ў ёй замешаны стары Любанскі. Іначай навошта гэты дзіўны загад адразу па пахаванні – замураваць вакно ў пакоі пані Ядвігі? Цела загадаў запаяць у свінцовую труну і паставіць у Лошыцкай капліцы… І з’ехаў адразу ж на Каўказ…
Праз год я зноў-такі выпадкова, з ліставання даведаўся, што пан Яўстафій на Каўказе памёр… Але што мне было да чужых смерцяў, калі смерць стаяла ў галавах блізкага