Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн книгу.міжнароднай канферэнцыі, што праводзілася ва ўніверсітэце імя Авідыя. Мерапрыемства чакалася вельмі маштабнае. Удзельнікі з дзясяткаў краін свету. Мноства секцый і тэматычных панэлей. Добры шанец завязаць цікавыя і карысныя знаёмствы – нават калі сам нідзе не выступаеш, а прысутнічаеш адно як слухач. Маштабнасць каштавала немалых грошай. Рэктарат асабліва не афішаваў крыніцу фінансавання. Але пракідкі Пыркэлаб дазнаўся без вялікіх намаганняў, што за ўсім гэтым стаіць міжнародная карпарацыя «Coböl Engineering». Яе кіраўніцтва пачало заахвочваць навукоўцаў усяго свету заняцца вывучэннем феномена адзіноты. Уласна адзіноце канферэнцыю і прысвяцілі. Адзіноту са сваіх вежаў разглядалі і прыродазнаўцы, і гуманітарыі.
– Гуманітарыі? – перапытала Марына ў мужа, не дапускаючы, што можа там сустрэць Ягора.
– Так. Карпарацыя замовіла ўсебаковае вывучэнне адзіноты. Але хімікаў і біёлагаў усё адно будзе больш.
– А навошта ёй гэта спатрэбілася? Ну, ёсць адзінота. Які практычны сэнс у яе шырокім даследаванні? Ці гэта ўсё толькі шырма для адмывання грошай?
– У «Coböl» столькі грошай, што і за тысячу такіх канферэнцый не адмыеш, – з веданнем справы рагатнуў Марку. – Тут рэальны інтарэс. Пасля інцыдэнту ў Сінгапуры два з паловай гады таму. Памятаеш?
– Цісканіна ў тэатры «Вікторыя»? Вадзяны слуп на канцэрце «Crystal Castles»? Напад дзікіх пчол на станцыю метро «Фенікс»? – Марына разгублена, але трапна вывуджвала з памяці водгулле старых навін.
– Не, нешта горшае. Калі мераць інтарэсамі карпарацыі. Цягам аднаго тыдня там звольніліся больш за тысячу высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія працавалі на «Coböl».
– Самі звольніліся? – не дала веры жонка. – Калі б я працавала на «Coböl» як высокакваліфікаваны спецыяліст, то трасцы б адтуль самохаць звольнілася.
– Тыя спецыялісты спачатку лічылі гэтак жа. А потым узялі і сінхронна напісалі заявы.
– А адзінота?..
– Адзінота згадвалася ў заявах як адзіная прычына звальнення.
– Ды ну, – махнуўшы рукой, расчаравана гмыкнула Марына. – Лухта ўсё гэта. Хутчэй за ўсё, іх нехта пераманіў да сябе.
– Я такіх падрабязнасцей не ведаю. Але менавіта з тых часоў «Coböl» і важдаецца з адзінотай.
Адкрыццё канферэнцыі адбывалася ў самай вялікай універсітэцкай зале. Яна была бітком набатаваная ўдзельнікамі і запрошанымі слухачамі яшчэ за паўгадзіны да афіцыйнага пачатку. Марку і Марыне дасталіся вельмі выгодныя месцы амаль пасярэдзіне залы. Разглядаючы буклет з праграмай, заўважылі, што на пленарнае пасяджэнне заяўлены навуковец з Беларусі. Марку спытаў у жонкі, ці ведае яна такога. Тая адно паціснула плячыма – магчыма, чула, але не больш.
– Галоўнае, што таго вырадка тут няма, – з лёгкім трымценнем прашаптаў Марку.
– Ай, ды пляваць яму на навуку, – выпінаючы абыякавасць, кінула Марына. – Завяліся лішнія грошы, дык прыехаў мяне пазлаваць і са шлюндрамі на пляжах паваляцца.
Пачатак канферэнцыі