Албанскае танга. Вінцэсь Мудроў

Читать онлайн книгу.

Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў


Скачать книгу
душы дакор і шкадаваньне. Учора ў нас была фізкультура. Наш 9-ты «А» маршыруе па залі і мы зь Мішкам раз-пораз азіраемся на Ленку Новікаву. Нізкарослая таўстуха адстала ад шыхта, і тупае, махаючы рукамі не ў такт хадзе. Мішка Дасюлін таксама пачынае махаць рукамі неўпапад нагам і Вакзал дзьме ў сьвістульку, загадваючы ўсім спыніцца.

      – Новікава, колькі разоў паказваць?! Правая нага ідзе ўгору, абедзьве рукі ідуць управа, левая нага ідзе ўгору, рукі ідуць улева…

      Расплюшчваю вочы… столь над галавой падае на мяне, я ўлякнута зьмежваю павекі і бачу школьны калідор, але ня наш, а той, маскоўскі… у канцы калідора кволіцца жоўценькая лямпачка… я іду ў той бок, намагаючыся не рыпець масьніцамі, і там, у цьмяным сьвятле, бачу драўляную, падобную на ночвы, труну і сівыя пасмы нябожчыцы, што віснуць да падлогі… чаму ў вахцёркі такая несамавітая труна? – віруе ў галаве страхотная думка, і тут жа згадваю, што гаротніца атрымлівала калгасную пэнсію і на лепшую грошай не сабрала…

      Нізкая столь ляціць на мяне, я прыхопліваюся і не разумею: дзе я і што са мной? Сэрца парывіста клякоча ў горле, само горла перасохла і галава расколваецца ад болю. Мне горача. Я сьпіхваю зь сябе цяжар коўдраў, расшпільваю пінжак, потым кашулю і хворую чмуру разьвейвае панічны матчын голас:

      – А дзетухна… а што з табой? – маці стаіць, сашчапіўшы рукі, а ўбачыўшы, што я жывы, зьнясілена аддзімаецца. – Гляджу – дзьверы расчыненыя і куртка ляжыць на падлозе… Ледзь не самлела зь перапуду…

      Маці кране мой лабешнік.

      – Гарыш увесь. Зараз табе што-небудзь дам.

      Гэтага «што-небудзь» – пігулак, мікстуры ды розных прыпарак у маці цэлая шафка. Прынесла з паліклінікі.

      Не распранаючыся, адно скінуўшы хустку, маці шыбуе на кухню, шамаціць пушачкамі ад лекаў, нарэшце піхае мне ў рот дзьве гаркавыя пігулкі і дае іх запіць ня менш гаркавай мікстурай.

      – І дзе цябе так праняло?

      – На школьным даху, – шапчу гарачымі вуснамі і прыкусваю язык, зразумеўшы, што сказаў лішніцу.

      …Праз паўгадзіны мне становіцца лягчэй. Столь ужо ня падае долу, канапа стаіць непарушна і дыван не расплываецца бруднай плямай. І толькі тупа баліць і кружыцца галава.

      Я клічу маці.

      – Ма!.. Вось ты спужалася, убачыўшы маю куртку, а можна памерці зь перапуду?

      – Можна, калі сэрца кволае, – маці асьцярожна сядае на край канапы.

      – У нас у пасёлку, гэта яшчэ да вайны было, хлопец жыў, на пяць гадоў ад мяне старэйшы. Ён якраз з братам маім сябраваў. І вось аднойчы прыбягае позна ўвечары як ня свой: расхлістаны, бяз шапкі. Трасецца ўвесь і нічога сказаць ня можа. За шаптухай пабеглі, тая сьвянцонай вадой пырснула, грамніцу запаліла. Тады толькі пачаў языком варачаць. Ішоў, кажа, паўз францускі курган і штосьці яму там падалося. Курган у нас стаяў, непадалёку ад чыгункі. Казалі, там французаў хавалі, за часамі Напалеона. І, нібыта, раз на год, увосень, мерцьвякі з магілаў паўставалі. Якраз восень была. Карацей, прымроілася яму нешта – ён і кінуўся ў хмызы. Аж чуе, нехта ззаду бяжыць… дагнаў і шапку


Скачать книгу