Дзікія кошкі Барсума. Генадзь Аўласенка
Читать онлайн книгу.Скін пабарабаніў пальцамі па стале, скоса зірнуў на нерухомую фігуру О’Ніла. – Ды не, не думаю, каб гэта было занадта ўжо сур’ёзна… Зараз да цябе падыйдзе адзін наш пакупнік, містэр О’Ніл… – ён зноў кінуў хуткі погляд на фермера. – Возьмеш у яго ўсе дадзеныя, запішаш каардынаты, і як толькі якая-небудзь з брыгад вызваліцца – накіруеш яе туды. Усё зразумела?
– Усё зразумела! – дзяжурны яшчэ больш выцягнуўся, хоць больш, здавалася б, ужо немагчыма фізічна. – Будзе выканана!
Скрайф шчоўкнуў клавішай і манітор патух. Фермер яшчэ нейкі час таптаўся на месцы, як бы жадаючы і далей працягнуць размову, але Скрайф быў ужо сыты ім па горла. Ветліва ўсміхаючыся, ён узняўся з-за стала, паказваючы гэтым, што аўдыенцыя закончана.
– Ідзіце да дзяжурнага, – сказаў ён, махнуўшы рукой у напрамку да дзвярэй. – Там вам усё растлумачаць.
Дачакаўшыся, калі за фермерам зачыніліся, нарэшце, дзверы, Скін зноў апусціўся на ранейшае месца, аж знемагаючы ад нецярпення. Левая ягоная рука звычна нырнула пад стол, навобмацак адшукала там маленькую, ледзь прыкметную кнопку, націснула яе. Высунулася патаемная шуфлядка і Скін прагна выхапіў адтуль пляскатую шкляную бутэльку больш чым напалову запоўненую нейкай залаціста-празрыстай вадкасцю. Падазронна зірнуўшы на дзверы, Скін паднёс бутэльку да засмяглых вуснаў, зрабіў першы працяглы глыток…
Калі Скін зноўку схаваў бутэльку ў шуфлядку стала, вадкасці там засталося не больш чвэрці. Ён пасядзеў крыху, прыслухоўваючыся да ўнутраных сваіх адчуванняў, потым уздыхнуў, устаў і выйшаў у прыёмную. Сакратар, малады хлопец, апрануты ў новенькую і крыху велікаватую яму ўніформу, ускочыў з-за стала і вінавата паглядзеў на шэфа.
– Яшчэ раз пусціш да мяне аднаго з гэтых… – Скрайф змоўк, стараючыся падабраць найбольш падыходзячыя словы, але так і не падабраў аніводнага. – Карацей, пусціш яшчэ – лічы сябе звольненым! Зразумеў?
Сакратар вінавата кіўнуў і пачырванеў.
– Пасылай іх да Холіна, калі ўжо дзяжурны дыспетчар ім, чамусьці, не падыходзіць!
– Я паслаў яго да Холіна, – сказаў сакратар. – Я нават праводзіў яго туды…
– І што? – Скрайф адчуў раптам, як напруглася ўсё знутры. – Што сказаў Холін?
Ён сам добра ведаў ужо, што сказаў Холін… не трэба было пытацца аб гэтым у сакратара.
– Холін сказаў… – голас сакратара гучаў па-ранейшаму вінавата, – ён сказаў, што ў яго зараз вельмі шмат спраў…
– Вось як? – Скрайф адчуў раптам, што шчокі ягоныя таксама пачынаюць чырванець. (гэтага яшчэ не хапала!). – Вось як? – паўтарыў ён, стараючыся не глядзець на сакратара – Калі хто мяне будзе пытацца – я ў намесніка!
Сакратар зноў кіўнуў вінавата, але Скрайф ужо, не глядзячы на яго, выходзіў з прыёмнай. У калідоры ён спыніўся і нейкі час стаяў так, моўчкі і нерухома, не зводзячы цяжкага позірку з дзвярэй насупраць.
Гэтыя дзверы куды больш падыходзілі для кабінета загадчыка аддзяленнем, чым ягоныя ўласныя. І таблічка золатам, дзе слова «намеснік»