Радзіва «Прудок». Андрусь Горват
Читать онлайн книгу.Чарнушку з «Людзей на балоце». У сне мы цалаваліся, і Ганна нават паказала мне калена.
Калена Чарнушкі – от сапраўдны беларускі эратычны сон.
Ганна пайшла за багацея Яўхіма, а я хадзіў на суразмоўе ў гандлёвы цэнтр «Карона». І такое адчуванне, што я прасіўся да іх не дворнікам, а дырэктарам мяснога аддзела.
– Мы вам перезвоним, – кажуць.
Ага, так я і паверыў. Убачылі дыплом журналіста і спужаліся.
Дворнік Купалаўскага тэатра зарабляе два мільёны. Дворнік Галоўпаштамта – два з паловай. Дворнік камерцыйнай установы – тры. Дворнік гандлёвага цэнтра «Карона» – чатыры.
Чым болей для душы, тым меней для кішэні.
У тэатры пацікавіліся, ці валодаю я беларускай мовай. У астатніх месцах – ці п’ю.
Пайшоў на каву да Машы. Заадно паеў. Маша кажа, што дворнічаць за грошы – гэта дурны тон. І што ўсе прыстойныя фрыкі працавалі дворнікамі. І што Чарнушка б ухваліла.
То добра.
У тэатры ёсць свая легенда – бабуля, якая працавала дворнічыхай паўстагоддзя. Цэлыя пяцьдзясят гадоў!
Начальніца аддзела кадраў паведаміла, што ёй неаднойчы прапаноўвалі іншую пасаду, на прыступку вышэй. Але бабуля адмаўлялася. Куды тая дворнічыха падзелася і калі ўсё гэта адбывалася, ніхто не змог узгадаць.
Засталося прайсці медкамісію, і ў маёй працоўнай кніжцы з’явіцца новы запіс.
Сусед знізу, Алег, пытае:
– Ты яшчэ на волі?
Нечакана я стаў мясцовым аўтарытэтам. Тры дні таму нейкі крыміналіст хадзіў па падʼездзе і выпытваў, як я выглядаю, як сябе паводжу, з кім жыву. Не ведаю, што ён ад мяне хацеў, але сусед стаў паважаць мяне яшчэ болей.
Летась я хадзіў да псіхатэрапеўткі Леры. Яна вучыла мяне выказваць затоеную агрэсію. Потым я пераехаў сюды, пазнаёміўся з Алегам, і мяне прарвала. Ужо год мінуў, а ён дагэтуль апасліва пазірае на мяне.
Алег адзіны, хто са мной вітаецца. Калі выходжу пакурыць на балкон, ён крычыць мне:
– Прывет, сусед!
Ён цэлымі днямі бадзяецца па двары і зазірае ў вокны.
Праз дзесяць-пятнаццаць гадоў я стану такім, як Алег, – непатрэбным чалавекам.
Сёння не зачыніў балконныя дзверы, і кот Рома скочыў за голубам, але не ўтрымаўся і паляцеў уніз. Калі Ромка мінаў другі паверх, учапіўся кіпцюрамі за балкон.
Хто ведае замову ад спуду? Для трыццацігадовага мужчыны. Пайшоў да Алега па Ромку, убачыў, што Алегаў ложак знаходзіцца там, дзе мой. Цяпер кожны раз, як лягу спаць, буду думаць, што пада мною ляжыць тое, чым я не хачу стаць. Часам чую ягоны храп ці як ён варочаецца ў сне. Гэта вельмі страшна. Гэта адзінае, чаго я баюся да ўсрачкі, – калі самая нежаданая будучыня ўвесь час нагадвае пра сябе.
Я дворнік!
Першы працоўны дзень. Працаваў у малінавых джынсах, бо тэатральныя порткі былі такія вялізныя, што туды можна ўсунуць дзесяць мяне.
У малінавых джынсах і з зялёнай мятлою я самы модны дворнік!
Раней я думаў, што галоўныя людзі ў тэатры – рэжысёры і акцёры. Але не. Папраўдзе самая галоўная тут аканомка Іосіфаўна. Яна бландзінка, падобная да Мэрылін Манро. Але, ну, такая – беларуская Манро. Добрая і клапатлівая. Месцамі нават занадта.
Электрык папрасіў паказаць яму рукі. Я паказаў.
– І ты з такімі рукамі прыйшоў працаваць дворнікам?! Ідзі, хлопча, займіся чым-небудзь іншым. Не смяшы мае дыёды.
Нядаўна ехаў у метро і глядзеў на твары людзей з вышэйшай адукацыяй. Кожны другі – пляменнік Бога. Астатнія – такое ўражанне – увесь час бегаюць, збіраюць паперкі, каб пацвердзіць, што і яны ягоныя пляменнікі. У тым самым метро сядзелі два просценькія мужыкі. Яны былі шчаслівыя, бо весела і шчыра варушылі сваімі вусамі. І калі вышэйшая адукацыя пазбаўляе права весела варушыць вусамі – ну яе к чорту.
У майго бацькі таксама ёсць вусы. Ён, палкоўнік, калі мне было пятнаццаць і я ганарыўся сваймі дасягненнямі ў раённай газеце, казаў мне:
– Будзь прасцейшым, і да цябе пацягнуцца людзі.
Самае складанае ў дворнікавым жыцці – прачынацца тады, калі вельмі зручна класціся спаць.
Снежань
Калі выпадае першы снег, у дворнікаў выпростваюцца спіны. Гэтыя ўвесь год незаўважныя людзі цяпер глядзяць не долу, як учора, а ў самыя вочы кожнаму стрэчнаму.
Акрамя сваёй патрэбнасці, у гэты дзень я адчуў мышцы недзе паміж плячыма і грудзьмі. Яны так балелі, што я ледзьве змог зняць куртку з вешалкі ў сваёй каморы.
Дадому вяртаўся знявечаны. У метро на пытанне міліцыянта:
– Дзе працуеш? Адказаў:
– У Купалаўскім тэатры. І ён адчапіўся.
Напэўна, да смерці будзе думаць, што купалаўцы выглядаюць так.
Сёння электрык ізноў папрасіў паказаць яму рукі.
– Во,