Каханне (зборнік). Мікола Калядны
Читать онлайн книгу.яшчэ.
– Звадкі няма?
– Не назіраў.
– Няхай так будзе і надалей. Але практыка, на жаль, паказвае, што па меры набыцця розуму шкаляры адасабляюцца, таемнічаюць, канфліктуюць.
– Яны пастаянна перада мною, як на далоні, і ўсе мы, настаўнікі, працуем над іхняй свядомасцю, вашая імасць.
– Смялей ужывайце эксперыменты, новыя падыходы, не стрымлівайце іх індывідуальнасць. Мы павінныя бачыць і распальваць усе здольнасці нашых выхаванцаў, ведаць, што атрымаецца з кожнага. Нікога не шкадуйце. Выбралі сабе каго?
– Прыглядваюся.
– Што вас турбуе?
– Іхняя чалавечая памяць, смутак па радзіме.
– Гэта – наш спрадвечны боль. Як нам яго пазбыцца? Я не перастаю над гэтым мысляваць.
19
Жыта каласавала. Маладое і стромае, яно цягнулася ўвысь і радавалася сонцу.
Косця любіў гэтую квітнеючую пару і заўсёды здзіўляўся разнастайнасьці жыцця.
– Як хораша! – захапляўся ён і подскакам бег па разоры паперадзе дзеда.
Яны ішлі гародам на сенажаць, каб нарваць якой смакаты свінням.
– А тутака яшчэ лепш! – смяяўся хлопчык і куляўся ў траве.
– Дзядуля, а чаго тут не расце жыта і гародніна?
– Ніхто не пасадзіў.
– А самі па сабе, як вось гэная трава, яны ня могуць?
– Не.
– Чаму? – не адставаў унук.
– Таму што такіх, нібыта культурных, раслінаў у прыродзе нямашака. Іх прыдумаў чалавек альбо, хутчэй за ўсё, хтось даў яму. За імі надабе догляд. Без яго яны не родзяць.
– Во, дзівіся! – стары паказаў рукою на вялікі лапік зямлі, які раней апрацоўваўся, а цяпер быў у запусценні. Быльнёг і іншае пустазалле раскашавалі тут на ўсю моц. – Такое адбываецца заўсёды, калі чалавек пакідае агарод. Зямля не можа вынесці здзекаў, злуе, бунтуе і плодзіць чортведама што. Гэткай мярэчы на лузе ніколі не бывае, што б там не расло.
20
Шкаляры зноўку абудзілі двор нясціхным гоманам.
Вокны заяскравіліся ўцешнымі позіркамі. У адным з іх Кастусь пазнаў Альгерда.
– Я не зглузьдзіў? – Аляксандр агаломшана ўцеміўся на сябрукоў і, стрэўшы такія ж іхнія вочы, прыскокнуў ды спрытна кульнуўся.
– Ёсць ад чаго, – няўрымсліва вярцеўся Джордж.
– Чараўніцтва! – не хаваў зумення Барыс.
– Сапраўдны сон, – з усмехам, двухсэнсоўна вымавіў Мікаэль, і ўсе дружна зарагаталі.
– У мяне аканчальна прапала жаданне вярнуцца дадому, – няўзнак выдаў сваю тайну Замба.
– А яно ў цябе было? – здзівіўся Генрых, збянтэжыўшы не толькі аднаго яго.
– Так, невялічкае, – Замба шчыра прадэманстраваў пальцамі свой адказ і нанова ўзняў смех.
– Гэты стан прыцягвае і не адпускае, – дзяліўся ўражаннямі Кастусь. – Столькі новага і незвычайнага!
– Мяне захапіў палёт, але ўвесь час перашкаджалі кузуркі, пранцы б іх елі, – выказаў сваю незадаволенасць