Дагератып. Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.мастацкіх каштоўнасцяў.
– Харчаванне будзе паходнае, – адрывіста патлумачыў граф, які накінуў паўзверх кашулі і камізэлькі кароткую куртку са светлай замшы, што не дужа надало яму арыстакратычнасці. – Кіпень ёсць, гарбату і каву заварвайце на свой густ, вяндліну і хлеб нарэзаць не праблема…
Прынамсі, не заявіў, што раз кабета ёсць, дык і сняданак на яе сумленні. Праўда, вяндліну Багуслава сапраўды нарэзала сама – на амаль празрыстыя раўнюткія лустачкі, толькі нож мільгаў… Трэба ж было мець падставу шматзначна прамовіць: “Прынамсі, мяса я рэзаць умею”, каб паглядзець, як перасмыкне Калоцкага ды Масевіча, выдатна расчуўшых дваісты сэнс. Шчуплы этнограф – Багута падазравала, што ў хлапца канкрэтныя сухоты – запарыў гарбаты ў вялікіх кубках з дрэздэнскай парцалянавай фабрыкі, упрыгожаных кветкавымі арнаментамі. Калоцкі выявіў абыякавасць да гаспадарчых клопатаў, але памацаў шэрую каменную пліту, на якой свяціўся жоўтымі бакамі расейскі самавар, і заявіў, што на камені ўгледжвае рэшткі малюскаў даяцэнскага перыяду, так званыя “манеты фараонаў”, таму вельмі падобна, што камень прывезены з Егіпту. Граф пацвердзіў: дзед і бацька нацягалі ў дом дастаткова егіпецкіх рэчаў, мода была такая… Егіпецкая цывілізацыя ўяўлялася цэнтрам таемнай мудрасці, ключом да незямных сакрэтаў.
– Да сусветнага духу жадалі далучыцца? – з лёгкай насмешкай прамовіў Калоцкі, пасёрбваючы гарбату. Пан Шымон, які ўладкаваўся на зэдліку з лустай хлеба ды кубкам падалей ад кампаніі, спакойна адказаў:
– Калі юны Гегель пабачыў, як у ягоны родны горад заязджае Напалеон на белым кані, то быў упэўнены, што гэта і ёсць Сусветны дух. Калі павіяны бачаць усход сонца, яны ўздымаюць лапы і захоплена равуць. З’явы аднаго парадку.
Калоцкі раскалыхаўся, як брацкі звон:
– Вы хочаце сказаць, што ўсе высокія памкненні чалавечага духу…
– Усяго толькі жывёльны інстынкт, замаскаваны свядомаснымі канструкцыямі, бо чалавек ніколі не прызнае, што ён не разумнейшы і не маральнейшы ад жывёлы.
Вось табе і спадчыннік Жухавіч… Дзікунскае аблічча і вучоныя прамовы. Хаця чаму “дзікунскае”? Шляхетныя продкі, якія большую частку жыцця – бо жылі тады нядоўга – праводзілі ў ваенных паходах, таксама не выглядалі спешчанымі, іх твары – гетманаў, князёў, магнатаў, таксама былі абветранымі, у шнарах, плечы шырокімі, каб трымаць цяжкія латы, а рукі дужымі, звыклымі да зброі.
– Пан мае на ўвазе так званае “быдла”? – нейтральна папытаўся Ніхель. – Мужыкоў, якіх вашыя продкі трактавалі як хатнюю жывёлу і з чыёй працы жылі і набывалі егіпецкія камяні?
Багута вырашыла, што Ніхель толькі што папоўніў спіс дэспатаў, вартых знішчэння, жухавіцкім гаспадаром. Але пан Шымон толькі стамлёна пакрывіўся:
– Ну навошта так спрашчаць? Я заолаг. Бачу сутнасць, прыроду, а не абалонку. Для мяне людзі не дзеляцца на арыстакратаў і плебс. Хіба што з Сакратам пагаджуся, які падзяляў усіх на залатое, срэбнае, жалезнае і глінянае саслоўе,