Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Читать онлайн книгу.вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…
3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў каменю. Але сучасныя чараўнікі – нашчадкі старажытных вешчуноў – не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.
Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.
Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў – паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва – гаспадары будуць часта хварэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць лес перад Вялікаднем, калі бяжыць вясновы сок і Дажбог з Ярьшам робяць драўніну наймацнейшаю.
Выбраўшы месца пад хату, гаспадар збіраў з чатырох палёў чатыры камяні, нёс іх у запазусе ля голага цела і клаў чатырохкутнікам, пазначаючы вуглы. Потым станавіўся пасярод і прасіў парады ў Рода. Засталіся камяні праз тры дні некранутыя – значыцца, выбар удалы.
Кладучы першы вянец зруба, уважліва сачылі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну – будзе ў хаце жыццё заможнае. Паміж бёрнаў клалі сабраныя на Купалле зёлкі, а часам і жменю змеленай на новых жорнах мукі – каб злодзей, залезшы ў хату, не мог уцячы, пакуль не вернуцца гаспадары. Існавала і такая прыкмета: колькі разбурыў чалавек у маленстве птушыных гнёздаў столькі разоў мусіць ён на сваім вяку і хату мяняць.
Улазіны прымяркоўвалі да поўні. Напярэдадні яшчэ раз правяралі, ці не ўплішчыўся куды нячысцік. Найлепшым рэвізорам быў певень, спеў якога значыў што злыдняў у хаце няма.
I яшчэ, у адрозненне ад нас, продкі ніколі не будавалі жытла на чалавечых касцях. Адзін мой мінскі знаёмы расказваў як пакутаваў, пераехаўшы ў новую кватэру: не мог заснуць, усхопліваўся сярод ночы, бачыў у снах розныя жахі. Высветлілася, што дом паставілі на былых могілках.
Згаданы