Play.by. Адам Глобус
Читать онлайн книгу.будзеш ісці праз шэры мікрараён, але дождж ужо будзе не такі нудны і не такі халодны, бо ты згадаеш іншы дождж. Ты ўспомніш дождж над возерам. Некалі ты гуляў з гэтай жанчынаю ўздоўж возера і пайшоў дождж. І ты прапанаваў ёй купацца ў цёплай азёрнай вадзе пад ціхім дажджом, і вы плавалі аголеныя ў возеры, а дождж сыпаўся і шаптаў вам словы пра каханне. Вы займаліся каханнем і ў возеры, і на траве каля возера, і вам было горача пад прахалодным дажджом. А потым ты ўзяў свой швэдар і надзеў яго на сябе і на яе. Вы стаялі, прытуліўшыся адно да аднаго ў адным швэдры, і маўчалі. Дождж скончыўся. Кароткі, пералётны, летні дождж скончыўся, і вы знялі з сябе твой цёпла-фіялетавы ды безнадзейна расцягнуты швэдар. І табе не было шкада гэтага швэдра, ты там яго і пакінуў, на траве, каля самага возера…
А цяпер, ідучы праз жалеза-бетонны мікрараён, ты згадваў пра той ваўняны швэдар, і табе рабілася цяплей і цяплей ад гэтай згадкі. А калі ты падыходзіў да кватэрных дзвярэй сваёй жанчыны, ты ўжо ўвесь гарэў, нібыта ты выпіў адзін куплёную ў гастраноме гарэлку. Жанчына ніякавее ад твайго з’яўлення ў яе маленечкай беднай кватэрцы. Ёй сорамна, што, акрамя памідораў і агуркоў, у яе нічога няма, каб цябе пачаставаць. Ты кажаш, што памідораў і агуркоў табе цалкам дастаткова.
Вы п’яце гарэлку. За вакном ідзе нудны дождж, а вам робіцца весела. Ад гарэлкі і ад успамінаў пра возера вы на вачах маладзееце. Вам падаецца, што ад спаткання на возеры і сягонняшняга дажджу не прамінула дваццаць гадоў. Вы хмялееце, вы кладзецеся ў ложак. Заплюшчваеце вочы, і пералётны чэрвеньскі дождж нашэптвае вам словы пра каханне, і паўтараеце і паўтараеце ягоныя словы пра каханне, ажно пакуль не ўскрыкваеце. Вы ўскрыкваеце адначасова і вяртаецеся ў маленечкую кватэру ў вялікім шэра-бетонным мікрараёне. Але вам не хочацца бачыць ні тую кватэру, ні той мікрараён, ні шэры занудлівы дождж. Вы прыціскаецеся адно да аднаго і засынаеце. Вы спіцё, а вам сняцца азёры, лета, ядлаўцовыя кусты на высокіх грудах і воблака, цяжарнае пералётным дажджом. Вам сніцца маладое каханне, поўнае цяпла і пяшчоты. І вам не хочацца прачынацца, і вы амаль разумееце тых каханкаў, што разам сыходзілі з жыцця, каб не бачыць халодны, маркотны, безнадзейны дождж…
І ўсё ж ты прачнешся і пабачыш побач чужое цела. Ты асцярожна ўстанеш з ложка, ціха апранешся і сыдзеш, не развітаўшыся, бо пакінеш сваю жанчыну даглядаць ваш салодкі сон пра каханне. Яна будзе спаць пад цёплай коўдраю, а ты будзеш ісці пад дажджом. Кроплі працінацьмуць цябе наскрозь. Цябе амаль не будзе на гэтым свеце, будзе толькі дождж, дождж і дождж. Каб не рассыпацца ў мокры пыл, табе давядзецца зайсці ў цемнаваты і пусты бар, замовіць чарку гарэлкі і шклянку вады. Ты перакуліш чарку, ты зробіш адзін глыток салодкай пасля гарэлкі вады, скаланешся, наставіш каўнер і панясеш сваю проста-шэрую кепку пад дажджом з ніадкуль у нікуды.
А жанчына? Ёй давядзецца доўга тлумачыць вашай дарослай дачцэ, чаму ты заходзіў, чаму вы пілі гарэлку і чаму ты застаўся начаваць. Жанчына будзе спрабаваць растлумачыць, а дачка паспрабуе зразумець.