Апавяданні розных гадоў (зборнік). Адам Глобус
Читать онлайн книгу.камень. Ён ляжаў на ўзбочыне пясчанай сцежкі, паразмыванай кастрычніцкімі дажджамі.
Той камень быў першы ў маім узбраенні.
За ім быў другі і трэці. На могілках я назбіраў камянёў з дзесяць. Усе яны былі гладкімі і падобнымі да яйка. Кідаць такія камяні – адно задавальненне. Хацелася як хутчэй пайсці на мост і адтуль абрынуць сваю назапашаную злосць на пракураны дамок чыгуначнікаў. На мост я хадзіў, але без камянёў. Я старанна распрацоўваў маршруты ўцёкаў. З моста я мушу бегчы да кінатэатра «Нёман», ад яго завулкамі ляцець на старыя могілкі, а праз іх ісці дамоў.
Перад акцыяй я вырашыў яшчэ раз пагаварыць з Валікам. Падышоў да яго на вялікім перапынку ў школьным буфеце. Валік еў залацістую ватрушку і запіваў бурштынавым кампотам.
– Пойдзеш біць шыбы ў дамку чыгуначнікаў?
– Не! Дзед сказаў, што я магу і не вяртаць пяцёрку. Які сэнс цяпер біць вокны. Дарэчы, можна папасца, і тады дзясяткай не адкупімся. . .
– Не хочаш – як хочаш, – я крыху памаўчаў, пачакаў, пакуль ён дап’е кампот, і сказаў: – Я таксама адзін не пайду помсціць. Аднаму сумна. . .
– Правільна! Не хадзі. Пайшлі яны нафіг. Хаваць партфелі ў сарайчыку з бульбай значна лепей. Сарайчык зачыняецца. Партфелі ніхто не тыбрыць.
Можа, заўтра ўцячом з апошніх урокаў і сходзім у «Беларусь»?
– Заўтра паглядзім.
У наступны дзень я сышоў з урокаў. Узяў даведку ў медпункце, што захварэўпрастудзіўся, і сышоў. Пайшоў я на возера, каб патрэнiравацца ў кіданні камянёў.
Я спрабаваў закінуць камень з берага на невялічкі востраў, зарослы таполямі. Востраў быў далекавата ад берага, і закінуць камень мне не ўдавалася, але кідаў я досыць далёка. На возеры я набраўся ўпэненасці, што дакіну камень з моста да дамка чыгуначнікаў і пацэлю ў шыбу. Трапнасці я вучыўся, кідаючы камень у асінавую трэску, якую пусціў па вадзе.
Дачакаўшыся цемры, я ўзышоў на мост, дастаў з кішэні камень, размахнуўся і кінуў у залаты квадрат акенца. Першы камень трапіў у сцяну. Другі камень упаў на бляшаны дах і нарабіў грукату. У дамку чыгуначнікаў адчыніліся дзверы і з іх павылазілі рабочыя. Яны гучна лаяліся і паказвалі рукамі на мост. Трэці камень пацэліў у шыбу. Тая разляцелася. Рабочыя сціхлі. Я перабег мост і пабег па адхоне ў накірунку «Нёмана». Па адхоне я бег наўскасяк, але ўсё адно адзін раз паслізнуўся на мокрай траве і крыху праехаўся на дупе. Абмінуўшы кінатэатар, я пабег цёмнымі завулкамі да зусім цёмных могілак. Там схаваўся за капліцай, сеў на мокрае апалае лісце і стаіўся. За капліцаю я сядзеў доўга, пакуль не аддыхаўся і не супакоіўся.
Дадому я вярнуўся ў добрым настроі.
– Чаго такі вясёлы? – спытаў тата.
– Я лепш за ўсіх у нашым класе кідаю гранату.
1976
Апавяданне пра маладосць
Суперажыванні
У мiнскай мастацкай вучэльні Алена прыйшла да нас у групу на трэцім курсе. Алена Шыдлоўская – татарка са Смілавічаў, мела такія сакавітыя і такія вішнёвыя вусны, што ўсім неадкладна хацелася іх пацалаваць. Для пацалункаў Алена выбрала Алеся. Яна выбрала