Апавяданні розных гадоў (зборнік). Адам Глобус
Читать онлайн книгу.такая магчымасць – пакаруселіць. А можа, і не каруселіў бы. Ведаеш, Лось, мне Шыдлоўская падабаецца, моцна падабаецца яе знешнасць. Як натуршчыца яна – золата! А чалавек? Ну які яна чалавек? Ты не ведаеш, чым яна наогул займаецца апошнія два гады? Вучыцца яна дакладна не вучыцца.
– Яна піша вершы. . .
– Вершы? Яна чытала табе свае вершы?
– Не чытала. Яна давала мне свой дзявочы альбомчык, і я сам чытаў яе вершы з таго ружова-шэрага альбомчыка.
– І як?
– Па-руску. Сентыментальна. Месцамі пошла. Мне зусім не спадабалася. Я не сказаў пра паганасць яе вершаў. Ілгаў, што вершы мяне ўразілі, што раней я такога не чытаў, што яна – талент.
– Цяпер ты, напэўна, прагоніш са сваёй кватэры Сцёпу і Шыдлоўскую?
– Ужо прагнаў, а дыню выкінуў у смеццеправод. Цяпер шкадую, што выкінуў дыню. Дыня была дарагая і смачная, а я яе спусціў праз смеццеправод. Хіба я не дурань?
Тыдні два, а можа і тры, Лось, Сцёпа і Шыдлоўская не размаўлялі між сабою і адно з адным. Замірыліся ўсе, калі на жоўтае лісце выпаў першы снег. Мы выбеглі з майстэрні пагуляць у снежкі. Мы шпурлялі адно ў аднаго белымі камякамі. Мы радаваліся снегу. Радасць усіх нас прымірыла. Зрэшты, я ні з кім і не сварыўся. Я на колькі мог усім спачуваў.
Спачуваў Ласю, які тры дні праляжаў у ложку з жанчынай і не змог развітацца з цнотай. Спачуваў Сцёпе, якога Лось прагнаў з кватэры ў інтэрнат. Спачуваў Алене Шыдлоўскай, якая хацела пісаць добрыя вершы, а ў яе атрымліваліся толькі кепскія і шэрыя. Нават Карасіку-Тарасіку, якога Сцёпа выпер з інтэрнату, я спачуваў. Праўда, свае спачуванні я трымаў пры сабе. Людзі не любяць, калі ім спачуваюць. Людзі любяць гуляць і забаўляцца з першым снегам.
Шыдлоўская напала на мяне, паваліла на зямлю і засыпала мне твар снегам. Потым я засыпаў ёй твар снегам. Мы смяяліся. Я папрасіў яе папазіраваць. Яна пагадзілася. Мы засталіся ў майстэрні на ноч. Амаль цэлую ноч Алена прастаяла голая на стале, пакуль я яе маляваў. За адну ноч я паспеў намаляваць вялікі малюнак з аголенай Шыдлоўскай. Пакуль я маляваў, яна расказвала мне пра Лася і Сцёпу:
– Я гуляла ў парку. Збірала кляновае лісце. Назбірала вялікі букет. У парку я сустрэла Лася. Ён прапанаваў зайсці да яго. Зайшлі. Мне не захацелася ехаць у свае Смілавічы. Я распранулася і вырашыла паўгадзінкі адпачыць. Я так і сказала Ласю. . . Адпачну паўгадзінкі.
Я заснула, а прачнуўшыся, пабачыла побач з сабою Алеся. Тры дні ён праляжаў побач са мною, ды так і не сабраўся з духам, каб развітацца з цнотай. Я не настойвала. Да Лася я была раўнадушная. Як і да Сцёпы я раўнадушная. . . Калі Лось пайшоў купляць дыню, у кватэры адразу з’явіўся Сцёпа. Ён, пэўна, чакаў у двары. Чакаў, калі сыдзе Лось. Чакаў і дачакаўся.
Ён папрасіў мяне заняцца сэксам неадкладна, заняцца па-хуткаму, каб мы паспелі ўсё скончыць да вяртання Лася.
Я не адразу пагадзілася. Дарма. Каб я адразу пагадзілася на хуткі сэкс, мы б усё скончылі да вяртання Алеся. Мы не паспелі скончыць. Лось нас заспеў на гарачым і прагнаў з кватэры. Я на яго не крыўдую. Я не люблю крыўдаваць.