Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Леанід Дайнека
Читать онлайн книгу.гэтых прыгажунь страсна чакала яго. Такія сарамліва-цнатлівыя, такія загадкавыя, абсыпаныя расой, быццам дарагімі брыльянтамі, такія, здавалася, непадступныя, яны млелі ад радасці пры з'яўленні пчалы, даверліва ўпускаючы ў свае мармуровыя або залатыя церамкі, у сваю патаемнасць. Яму патрэбны былі іхнія салодкія пылок і нектар, ім – ягоныя хабаток, лапкі, усё цела, вёрткае, моцнае, здольнае прашчаміцца ў драбнейшую шчылінку, а потым перанесці пылок на песцік іншай кветкі, што расце, шуміць зусім побач або на другім канцы бязмежнага лугу. Кветкі кахаліся адна з адной пры дапамозе пчалы.
Ён вельмі востра, да гарачага звону ў крыві, разумеў жыццё, няспынную вечную змену хваль-пакаленняў кветак, пчол, стракоз, людзей… Усё хацела жыць, расці, налівацца цішынёй і громам, агнём і холадам, рухацца ўдаль і ўшыркі, у глыбіню сябе і за воблакі… Усё прагнула цвіцення і абнаўлення, пацалункаў і слёз. Нават нямая смерць была жыццём, бо рабілася падмуркам, апірышчам нейчаму маладому захліпістаму карэнню. Доктар Метэор быў, вядома, найвялікшым са смертных, падараваўшы чалавецтву сваю Тэорыю і Практыку Пераўтварэнняў. Толькі пабыўшы ў чужой скуры, лусцы, шэрсці, ракавіне, толькі пабегаўшы, палётаўшы, папоўзаўшы, адчуўшы страх і знямогу, можаш наблізіцца (хоць часткова) да разумення агульнасці ўсяго жывога. Няважна, зразумелае яно ці незразумелае, прыгожае ці непрыгожае, ціхмянае ці агрэсіўнае. Яно – жывое, а значыць, неабходнае таму свету, у які, нібы зрэнка ў вока, заключана тваё жыццё.
Ён лётаў над кветкамі, садзіўся на іх, збіраў пылок і нектар, адносіў здабычу ў вулей, зноў кіраваўся на луг… На пукатай зялёнай горцы стаялі дачы – стракатыя прыгожыя хаткі, падобныя на рознакаляровыя кубікі, якія, нагуляўшыся, раскідала свавольнае дзіця. Ён заляцеў туды, апусціўся ў ракавіну з белымі слізкімі сценкамі. Загарэларукая жанчына якраз мыла, прынёсшы з градкі, ярка-чырвоную радыску. Хвастаў срэбны струмянёк вады, сеяліся пырскі, на смуглым жаночым пальцы бліскаў, як сонечны зайчык, пярсцёнак. Было адчуванне лагоды, спакою і шчасця. Ён піў ваду разам з іншымі пчоламі і баяўся, што жанчына вось-вось схопіць мокрую анучу, нязлосна ўдарыць ёю, крыкне: «Акыш на вас!», маючы на ўвазе не курэй, а пчол. Але яна весела мыла радыску і спявала нейкую песеньку.
Раней ён быў упэўнены ў неадэкватнасці ўсяго жывога. Яму здавалася, што птушкі, звяры, пчолы, калі б толькі яны валодалі здольнасцю асэнсоўваць сваё становішча, параўноўваць сябе з чалавекам, адразу б усёй гурмой, будзь на тое іхняя воля, захацелі б ачалавечыцца, зрабіцца, адным словам, людзьмі. Ён нават, як быў маладзейшы, пра жанчын у іхніх стасунках з мужчынамі такое думаў, хоць заўсёды лічыўся барацьбітом за палавую роўнасць. Але дзякуючы доктару Метэору ён паспеў ужо пабыць рыбай, ваўком, бабром, вось зараз быў пчалой і зразумеў адну мудрую ісціну. Аказваецца, жыццё ва ўсіх сваіх выявах і формах абсалютна раўнапраўнае. Для прыроды, якая самастварылася, якая стварала і стварае мільярды камбінацый атамаў, аднолькава каштоўныя і мозг філосафа Платона