Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь Мудроў
Читать онлайн книгу.Но готов биться об заклад, что протянете вы ещё год-полтора, а потом появятся молодые люди с ещё более дурацкими причёсками и дикими голосами, и всё кончится!..
Сонца паволі, як бы з неахвотаю кранаецца шторы, і ў квадраце святла паўстае Юркава постаць. Братан з шумам перагортвае старонку.
– «Для плазмасвідара з паветрана-віхравой стабілізацыяй дугі і паветраным ахаладжэннем хуткасць свідравання ў грана… ээ… у грана-ды-я-рытах сягае чатырох з паловаю метраў у гадзіну пры дыяметры свідравіны да 130 міліметраў», – уголас мармыча братан і соладка пазяхае.
Юрка вучыцца на чацвёртым курсе інстытута. Заўтра ў яго залік па новых метадах свідравання. Стрэлкі гадзінніка, які вісіць над Юркавым сталом, паказваюць палову на адзінаццатую, і з галавы маёй яшчэ не выпетрыліся рэшткі сну, у якім я прабіраўся бясконцай пячорай да цэнтра Зямлі.
– Юр, – гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.
– Ну, – адгукаецца брат.
– Ты там пра свідраванне вучыш?
– Ну.
– А што, калі прасвідраваць Зямлю наскрозь?
– Паспрабуй, – муркае Юрка, не адрываючы вачэй ад падручніка. – Свідар у зубы, барабан на шыю.
Я закідваю рукі за патыліцу і малюю ў свядомасці пракапаную праз цэнтр Зямлі шахту. А калі ў яе скочыць? Вылеціш на амерыканскім баку, прычым наперад нагамі. Вось бы здзівіліся амерыканцы! Цісну далоні да павек і ўяўляю, як з яміны – там, на другім баку зямной кулі – вылятае русічка Марковіч. Расхлістаная, з задзёртай спадніцай, і штосьці гарлае амерыканцам. Ды не… не штосьці, а сваю ўлюбёную фразу: «Ізноў забалбаталі сваімі язычышчамі паганымі!» Можна падумаць, амерыканцы яе зразумеюць. А можа, вылятаючы з яміны, загадае іншаземцам падкрэсліць дзейнік адной рысай, а выказнік дзвюма?
– Юр…
Брат адрываецца ад падручніка, незадаволена крывіцца.
– А калі скокнуць?…
– Куды?
– У шахту… праз цэнтр Зямлі пракапаную.
– Ужо пракапаў? – Юрка адкідваецца на спінку крэсла, спружна, да храбусцення ў суставах пацягваецца.
– А калі пракапаю і скокну… я што – вылечу на амерыканскім баку наперад нагамі?
– Ты ўвогуле ўяўляеш – пра што гаворка? Дыяметр зямной кулі 12 тысяч кэмэ. А самая глыбокая… нават не шахта, а свідравіна не перавышае васьмі кіламетраў. Прабіць такую шахту – усё адно што змяніць вось вярчэння Галактыкі.
– А калі ўсё ж такі скокнуць?
– Да Амерыкі, Лёня, у любым выпадку не даляціш. Згарыш сінім агнём.
Я таксама пацягваюся і з думкай, што брат начыста пазбаўлены фантазіі, вылажу з-пад коўдры. Голая пятка натыкаецца на разгорнутую кніжку. «Вандроўка да цэнтра Зямлі» Жуля Верна. Класная кніжка! Чытаў учора да самай ночы, аж пакуль маці не прыйшла ды не выключыла святло.
Замест цёплай вады ў кране глухое сіпенне. Даводзіцца плюснуць на твар халадзёнкі.
– Мыешся, як той Маркіз, адной лапай, –