Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.з уздыхам палёгкі паваліўся назад на падушку і зараз жа застагнаў ад галаўнога болю. Памяць вярталася ўрыўкамі, адкручваючыся назад, як ланцуг на калодзежным вораце. Вось яны вяртаюцца дадому, абабіваючы куты ды абціраючы брукаванку, вось у палацы Радзівілаў уздымаецца кубак за кубкам у памяць памерлага вялікага гетмана, нехта гарлае: “Падліце яшчэ шаноўнаму пану Лёдніку!”. Вось на чырвоным твары спадчынніка, Караля Станіслава, ашклянела блішчаць вочы, і малады князь у сваім улюбёным белым жупане, успадчыненным ад продкаў і заплямленым намаганнямі тых продкаў ды самога Караля ва ўсе колеры, у чарговы раз валіцца пад стол, яго падхопліваюць шматлікія рукі прыліпалаў, адзін з іх крадма сцягвае з пальца сюзерэна сыкгнет… Вось Пранціш з Лёднікам пад’язджаюць да палацу… Выходзяць з універсітэту… Вось замыкаецца пакой, у якім застаецца лялька з шэрымі вачыма…
– Пандора! – Пранціш забыўся на галаўны боль і ўскінуўся на ложку. – Бутрым, пайшлі ляльку дапраўляць!
Лёднік пацёр лоб, які, відаць, усё ж трашчэў неміласэрна.
– Ad res portandas asini vicitantur ad aulam. (Аслоў клічуць на двор для перавозкі цяжару) Паснедаем, ачомаемся, прыму пісара з хворай пячонкай, тады можна будзе і аўтаматам заняцца.
Пранціш устаў на нядужыя пасля ўчорашняга ногі, нецярпліва ўздыхнуў. Зануда ўсё-ткі гэты доктар.
– Снедаць паны будуць, ці абмяжуюцца расолам? – з лёгкай насмешкай прагучэў голас гаспадыні, якая нячутна зайшла ў пакой, і Пранціш усміхнуўся: калі глядзіш на пані Саламею, якая ветла ўсміхаецца, аўтаматам бяздушным трэба быць, каб не адказаць тым жа. У пані ямінка ўтваралася чамусьці толькі на левай шчацэ… І гаспадар дому, калі не было старонніх, гэтую ямінку зараз жа імкнуўся пацалаваць. Сёння, падобна, яму было не да таго. Дзіва яшчэ, што фанабэрыцца, як звычайна. Лекцыяў непрачытаных шкадуе. Ды страшна ўявіць, як бы ён сёння на тых лекцыях студэнтаў цвічыў!
Пані Саламея апранутая была ў сціплую брунатную сукенку, бліскучыя чорныя валасы схаваныя пад белы каптур, танклявая рука сціскала ружанец. Пранціш ведаў, што больш за ўсё на свеце пані марыць падарыць мужу дзіця, але Бог не дае… І пані бясконца моліцца аб такой літасці. Вось і сёння, відаць, паспела ўжо злётаць у Свята-Духаву царкву.
Дзесьці на ратушы гадзіннік прабіў полудзень. Нічога сабе заспаўся студыёзус! У прафесарскім доме зараз жа азваўся напольны гадзіннік з чорнага дрэва, які стаяў у сталоўні – прыстойны строгі гадзіннік без усялякіх упрыгажэнняў ды забавак, без штучных салавейкаў, нетутэйшых краявідаў у эмаляваным вакенцы, танцуючых фігурак. Гэты гадзіннік, як і гаспадар, быў строгі і ўпарты: дванаццаць гадзінаў полудня – і ўсё, маеце навуковы факт.
Але, як і гаспадар, ён хаваў у сабе шмат таямніцаў – бо час таямніца найвялікшая, ідэя, субстанцыя, пустэча, інтэнцыя, уяўная велічыня, лік руху і рух вечнасці, тое Нешта, якое нельга ўсвядоміць, але страшэнна хочацца закілзаць. Прынамсі, Пранцішу вельмі хацелася трошкі абагнаць яго ды зазірнуць у тую светлую будучыню, дзе ён, з гетманскай булавою