Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Читать онлайн книгу.які ніяк не мог змусіць сябе адарвацца ад “прэцэдэнту”, корпаўся ў вантробах аўтамату так аддана, нібыта яго маглі кожнае імгненне вырваць з ягоных алхімічных рук. Вырвічу аж надакучыла. Нарэшце прафесар, задаволены, бы кот, які нарэшце дабраўся да гаспадарскай каўбасы і цішком прыгаварыў яе, стамлёна выцер спацелы лоб і абвесціў, што прынцып дзеяння ён у агульных рысах усвядоміў.
– І вось яшчэ якая дзіўнота: той механізм, які адказвае за з’яўленне малюнка – ён невялікі, з мноства драбнюткіх дэталек, – выглядае старэйшым за астатнія часткі аўтамату, падобна, яго ўбудавалі ў ляльку, зробленую значна пазней за яго. На якую халеру вялікі гетман гэты аўтамат набываў? І чаму менавіта мне адпісаў?
Лёднік пацёр мнагамудры свой лоб, стамлёны ад думання, насунуў глыбей капялюш і ледзь на развітанне не пажадаў ляльцы дабранач.
Перад тым, як выйсці з пакою, Пранціш затрымаўся, падыйшоў да Пандоры, хуценька расшпіліў на яе спіне сукенку, сунуў руку ў механізм і, пакуль не бачыў Лёднік, спрытна выкруціў тую дэтальку, якую яны з прафесарам вынайшлі, разам з нейкім шпіндзялёчкам. Так, на ўсялякі выпадак. Лялька – уласнасць прафесара, значыць, не павінна слугаваць іншым!
Раздзел трэці. Страшная таямніца Лёдніка
Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, – а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, – наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.
Не, наймудры чалавек – гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала – кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве – акуратны белы парык, на плячах – аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг – усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!
– Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?
Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.
Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства – заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік – трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы – косткі для гульні