Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Читать онлайн книгу.

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
праявы непавагі.

      А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.

      – Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?

      Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.

      – Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, – патлумачыў мужык. – Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.

      І зноў ледзь прыхаваная насмешка, і паклон для адчэпнага… Доктар задумліва прагаварыў:

      – Значыць, у тваіх гаспадароў нарадзіўся яшчэ адзін сын… Спадзяюся, роды не пашкодзілі здароўю пані. Што ж, для мяне гонар дапамагчы пані Галене.

      – Пані дужа прасіла цябе… вас не марудзіць. Карэта чакае ля дому, доктар.

      Госць скончыў абшарваць вачыма прафесарскі дом і кінуў позірк на пані Саламею, вядома, позірк адразу стаўся дужа зацікаўленым… Пранціш не сцярпеў, выскачыў наперад і штурхануў нахабу ў грудзі.

      – Ах ты, хамуйла! Ты як са шляхціцам размаўляеш? Пасяку шабляй на салому!

      Твар мужыка адразу змяніўся і набыў вінавата-ліслівы выраз, слуга бордзенька ўпаў на калені, шчыра пацалаваў руку Вырвіча, потым ягоны чаравік, пачаў прасіцца…

      На плячо Пранціша лягла цяжкая рука Лёдніка, той прагаварыў глуха, як быццам яму балела.

      – Не дакарай гэтага чалавека, пан Вырвіч. Не так лёгка кланяцца таму, каго цэлы год лупіў бізуном. Праўда, Базыль?

      Невыразныя светлыя вочы мужыка зіркнулі спадылба на прафесара.

      – Што ягоная мосць Цыпрыян Агалінскі, мой пан, мне загадваў, тое я і рабіў.

      Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.

      Вогнікі скакалі ў каміне,


Скачать книгу