Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк

Читать онлайн книгу.

Вуліца Добрай Надзеі (зборнік) - Міхась Андрасюк


Скачать книгу
капітан паўтарае: – Вельмі харошая самагонка ў Апацы. Сільная. Пячэ. А больш нічога там няма. Можа быць Саюзу гэтая дзярэўня, а можа і не быць….

      – Гм. Харошая, кажаш, самагонка. Лучшэ, чэм віно Цынандалі? – Іосіф Вісарыёнавіч усміхаецца, а на памяць прыходзіць маленькая вінярня ў мястэчку Цынандалі. Залажыў яе Аляксандр Чаўчавадзэ, сын першага грузінскага пасла ў царскім СанктПецярбургу.

      З віном “Цынандалі” свет пазнаёміўся ў 1894 годзе. Раскрыў рот, пасмакаваў і захапіўся. А дзяцюк Сасо якраз пачынаў адукацыю ў духоўнай семінарыі, што сваім шляхам раскрывала дзверы ў паўзмрочныя піўнічкі мясцовых айцоў. Таіліся там кадзі, запоўненыя далікатным белым “Напарэулі”, сухім чырвоным, бы кроў горца, “Мукузані”, а самыя сакрэтныя завулкі прыхоўвалі ад нахабнага вока вылузанае грузінскім сонцам з сакавітых шарыкаў “Ркацытэлі” залатое віно “Цынандалі”. А вочы Сасо ў той час былі ўжо хуткія і пранізлівыя.

      Зза гэтага “Цынандалі” ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: “Гэта нам, а гэта вам!” Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет. І была яму гэтая праца даспадобы і куды больш адпаведнай за традыцыйныя шлюбы, хрысціны і паховіны. Пэўна, таму віно “Цынандалі” лічыў самым лепшым прадуктам у свеце.

      А самагонку Іосіф Вісарыёнавіч не любіў.

      Вось і зараз – прыкладвае люльку да мапы, можа, пацэліў якраз цыбуком у саломай крытую стадолу Уладзіміра Іванюка, а можа, у маленькую хатку Сямёна Ляшука, што згорбілася па супрацьлеглы бок вуліцы? У правую руку бярэ аловак. Яшчэ раз зыркае на капітана Жлуктова, яшчэ раз усміхаецца. “Ну, жартаўнік. Кажа – самагонка добрая там. А няхай і застаецца таварышам палякам гэтае дабро. У нас і сваіх майстроў даволі”, – і аб’язджае алоўкам наўкол запоўненага тытунём пуза. Аловак адштурхоўваецца ад цыбука, абмінае, пакідаючы з польскага боку Войнаўку, зігзагам коўзаецца на ўсход, перабягае прыдворны дзядзінец пана Драгабыцкага, выштурхоўваючы ў Савецкі Саюз дворскі сад і гаспадарчыя будынкі. Рассякае яшчэ напалову Бобінку, адразу за Клякавам вяртаецца ў Белавежскую пушчу. Быццам у кавалак сала паглыбіўшыся, наразае доўгую, дубова-зялёную шкварку і махае яе на захад. Як закуску для апацкай самагонкі.

      Калі б летам 1945 людзі маглі кантактавацца паміж сабой шляхам тэлепатыі, першай з вялізнага крамлёўскага кабінета пайшла б інфармацыя ад капітана Жлуктова старому Іванюку. “Бачыш, дзядзька, – перадаў бы капітан. – Маеш, што хацеў. За Саўчуковай стадолай стане граніца”. І Іванюк у гэты момант адкінуў бы прэч малаток і сякерку, і з саламянай страхі нырнуў бы ў высокую траву радасным шчупаком.

      Але ў 1945 годзе ўсе, нават першага значэння інфармацыі перамяшчаліся тэлефоннымі дратамі, або эфірнымі сцежкамі радыяграмаў, або стомленымі ад’ютантаміпасланцамі.


Скачать книгу