Сакрамэнта. Галіна (Галіна Багданава)
Читать онлайн книгу.а цяпер ясна бачыла) – ён сядзеў, адвярнуўшыся ад акна, ён сядзеў насупраць мяне, у фатэлі, падцягнуты, усхваляваны, з шыкоўнаю капною цёмных валасоў, у строгім касцюме, белай сарочцы, з аксамітным матылёчкам-гальштукам.
– Дык Вы прыйдзеце? – яшчэ не словамі, рэхам, як бы ў працяг перарванай гаворкі спытаўся ён і, баючыся, імкліва апярэджваючы маё «не», прыўзняўся, зазірнуў у самыя вочы. І ўсё паплыло. Я растала. Як калісьці даўно-даўно (у юнацтве ў мяне было ўжо такое, але не з ім). І вось цяпер я растала ў ягоным паглядзе. Ён хваляваўся: – Я Вас прашу, я Вас вельмі прашу прыйсці на абарону майго дыплома. Там будзе шмат з таго, пра што я Вам расказваў.
– Гаўдзі, – сказала я не сваім, незнаёмым, яшчэ не абжытым мною, але прыемным, мяккім, меладычным голасам. – Але ж Вы ўжо, здаецца, даўно абаранілі свой дыплом. Я памятаю, Вы паказалі незвычайны, фантастычны праект абсталявання універсітэцкай актавай залы. І я была, я ж была тады на вашай абароне.
Гаўдзі адкінуў валасы з ілба і ўжо без усмешкі, у дзіўным светлым задуменні сказаў: – Даруйце, але я і сам не ведаў, што варта будзе нам пераступіць парог гэтага пакоя, тут, у гэтым дзіўным доме без кутоў, які я збудаваў і прысвяціў Вам і толькі Вам, – і для нас з Вамі ўсё, усё пачнецца спачатку… А гэта значыць, што я… што я ўсё ж такі здолеў стварыць прастору, якая перацякае, пераўтвараецца ў час, час, які тут, глядзіце, ён робіцца адчувальным, яго можна не толькі бачыць, але і крануць… – і Гаўдзі працягнуў руку да аднаго з запоўненых рухомаю плынню святла ўяўных кутоў.
– Гэты пакой… Гэтая кропка ў прасторы падобная да Дантавых дзевятых нябёсаў. Ці да бяздоннай па глыбіні Марыянскай упадзіны… Чуеце: гадзіннік. Ён прабіў, азваўся восем разоў. І зараз нам з Вамі зноў, як тады, трэба ісці ва універсітэт. Мы прыйдзем туды, і зала будзе поўнаю. І я расстаўлю свае макеты, разгарну чарцяжы і буду доўга расказваць пра тое, у што можа ператварыцца самая вялікая універсітэцкая зала, у тое, як можна праходзіць праз сцены і пераадольваць час. І адзін з членаў камісіі, здаецца, нават сам старшыня, выціраючы насоўкаю спацелы лоб, незадаволена прабурчыць: «Ён ці геній, ці вар’ят»… А вы ўсхопіцеся і аднекуль здаля, з самае галёркі выгукніце: «Геній!» Вы першаю скажаце мне і ўсім у той зале гэта, пацвердзіце тое, пра што я баяўся нават думаць. І зала выбухне апладысментамі.
Але ж Вы і памысліць сабе не маглі, што я пасля той сваёй абароны, пасля абароны майго дыпломнага праекта сам сабе прысягну збудаваць дзеля Вас вось гэты незвычайны дом, дзе прастора перацякае ў час, а час набывае свой уласны цень, вагу, колер, водар, можа, нават голас і смак, і самае галоўнае, ён, час, робіцца адчувальным на дотык. Я паважаў Вас, шанаваў. Вельмі шанаваў, любіў, як выкладчыцу, як чалавека, як жанчыну. Вы разумелі, ці, прынамсі, спрабавалі зразумець мяне. А Вы…
– Я Вас пакахала… Тады, з першага Вашага позірку, з першай Вашай усмешкі я закахалася ў Вас…
– Вы сталі першай, хто так адчайна, безаглядна паверыў мне і ў гонар гэтага… Ды не, проста так, проста за тое, што вы ёсць на свеце, я вырашыў падарыць Вам гэты пакой,