Непамяркоўныя. Леанід Маракоў
Читать онлайн книгу.крэсла і стажор, задаволены тым, што сцяміў, куды трэба сесці, заўсміхаўся. Стары хрыпеў. Калі следчы ступіў да яго і адвёў для ўдару нагу, Платон прашаптаў:
– Звяругі!
На здзіўленне, ягоны шэпт пачулі адразу.
Паднятая нага рэзка апусцілася. Яшчэ праз імгненне следчы апынуўся каля Платона і з ходу замалаціў нагамі па ім – то правай, то левай. Лупіў і хрыпеў:
– Мала табе было, мала?! Ну дык зараз дастане! Трымай, нацдэмаўскі вырадак, трымай!
Спыніўся, толькі калі ўбачыў, што падследны на ўдары не рэагуе – нават не ўздрыгвае. Быхоўскі плюнуў, перавёў дых і са злосцю рыкнуў на спецыялістаў па «ластаўцы»:
– Чаго вылупіліся?! Ламайце гада!
І яны зламалі. Зламалі народнаму хрыбетнік. Але Платон гэтага ўжо не бачыў.
Ён ляжаў нерухома. Ён зноў адыходзіў туды, дзе шмат святла і сонца. «Дзякуй Богу, – выдыхнуў ледзь чутна. – Канец. Цяпер – на волю, да сваіх».
Платон не ведаў, што гэта быў яшчэ не канец. Канец надыдзе апоўначы, калі яго павалакуць на расстрэл. Апошняе, што ён пачуе ў сваім трыццацічатырохгадовым жыцці, будзе бурчанне ката, які агрызнецца на аднаго з наглядчыкаў:
– Ты ж плёў, што ён да ночы сканае! Ну і сука!
Кінутыя ў камеру глыбокай ноччу двое з апошняй партыі арыштаваных «контррэвалюцыянераў», як і шмат хто з навічкоў, лічылі, што апынуліся тут выпадкова. Напісаны імі ў сааўтарстве верш «Першы снег» нядаўна надрукавала адна з цэнтральных газет. Гэта было прызнанне! І хлопцы не сумавалі: удзень усё высветліцца, стане на свае месцы, і іх выпусцяць. Яны падбадзёрвалі сябе анекдотамі, жартавалі.
Чакалі раніцы.
Але да ночы скончыліся і анекдоты, і жарты. Душы запаланіў сум, а неўзабаве і хандра.
Нарэшце пачало віднець. Паволі перад імі на сцяне праступалі, праяўляліся напісаныя крывёю словы.
«Людзі, даруйце, калі чым вінаваты перад вамі. Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас. Платон Галавач».
Двое навічкоў не верылі сваiм вачам. Вачам не верылі, а душою разумелі: нічога не высветліцца, не стане на свае месцы, іх не выпусцяць. Ніколі. «Першы снег» для іх будзе апошнім.
Ачуліся ад бразгату цяжкіх жалезных дзвярэй.
– На выхад! – скамандаваў канваір.
Двое маладых паэтаў ішлі не на допыт – у вечнасць.
Вечная памяць бязвінна загубленым. Вечны праклён іх кђтам.
Зялёныя вочы
Хрыпаты прыкмеціў яе адразу. Дагледжаныя густыя чорныя валасы нават пасля васьмі дзён пакутлівай дарогі нібыта казалі: не было ні этапу, ні вагона-цялятніка, ні выпрабавання голадам. Стому выдавалі толькі вялікія зялёныя вочы. Але і стомленыя, яны прыварожвалі, гіпнатызавалі, ненавідзелі. Улавіўшы іх позірк на сабе, ён адчуў: па спіне прабег халадок. «Паглядзела, нібы змяюка перад тым, як уджаліць. Пагарджае». У Хрыпатага заняло дух: пагарда і нянавісць у такой дозе яго толькі ўзбуджалі.
«Ад пагарды даўжэйшы шлях да асалоды, але саладзейшая сама ўцеха», – працытаваў сябе. Яшчэ ён узбуджаўся, калі бачыў кроў,