Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов

Читать онлайн книгу.

Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік) - Коллектив авторов


Скачать книгу
і адзін з герояў, ужо немаладога, дарэчы, веку, усхвалявана прамаўляў: «А што гэта за пачуццё такое – каханне? Кажуць, нібыта на крылах лётаеш!» Бязглуздая, бессэнсоўная фраза адыграла вялікую ролю ў маім жыцці: я ўзялася напружана чакаць гэтае абавязковае дарослае пачуццё.

      Дачакалася – аб’ект быў абраны з майго ж класа, ён сядзеў на першай парце сярэдняга шэрагу, насіў акуляры ды быў самы інтэлігентны з хлопчыкаў-аднакласнікаў.

      І пачалося іншае чаканне… Каханне, чаканне, чытанне – гэтымі словамі можна ахапіць усе мае юнацкія настроі. Іншыя былі вытворныя ад гэтых трох.

      Хацелася хутчэй зрабіцца дарослай – каб мяне сур’ёзна ўспрымалі людзі. Тады я не ведала, што «даросласць» – гэта сумнеўная катэгорыя, якая перадусім вызначаецца сур’ёзным стаўленнем да цябе. І толькі потым – уласнымі якасцямі, разумовымі здольнасцямі ды жыццёвым досведам. Бо, напрыклад, у пятнаццаць гадоў (ды, можа, і ў трынаццаць) мой агульны ўзровень адукаванасці быў вышэйшы, як у некаторых тых, хто меў перавагу векам ды аўтарытэтам «дарослых» – я здзіўлялася, адзначаючы, напрыклад, што адна знаёмая жанчына кепска чытае. Ну што тут дзіўнага? – рабіла я высновы. Што робіцца з дзецьмі, якія не чытаюць кніжак? Яны ператвараюцца ў дарослых, якія не чытаюць кніжак. «Пыха – смяротны грэх», а як было не стацца фанабэрлівай, робячы на кожным кроку такія адкрыцці? Аднойчы ў дзіцячым санаторыі мы пасябравалі з дзяўчынкай – знайшлі адна ў адной суразмоўніц дзеля абмеркавання прачытанага. Я сказала важатай пра нешта: «Нібы кануў у Лету», а яна шчыра перапытала: «Куды?» Трэба было бачыць нашы пагардлівыя позіркі, якімі мы абмяняліся з сяброўкай! Ну так, нам было па трынаццаць гадоў.

      А цяпер я стала «дарослай» – так хутка і нечакана, што сама не магу ў гэта паверыць. Што я ні вымаўлю, усё прымаецца сур’ёзна, а я думаю: «Калі ж яны мяне рассакрэцяць?» Я нібыта дзіця-шпіён у краіне дарослых. Але здаецца мне, што ніякіх дарослых увогуле няма – проста так заведзена, проста такая гульня, сюжэтна-ролевая гульня, у якой усе бяруць удзел. Толькі нехта больш упэўнена гуляецца ў «сталасць», нехта – менш. (Божа, такое ўражанне, што я проста перадзіраю тэму тэатра з Шэкспіра!)

      Чакаю школьных іспытаў. Спачатку – пасля дзевятага класа, потым – пасля адзінаццатага. А потым – уступныя, у alma mater. Усё гэтае нясцерпнае нерваванне ўрэшце добра ўзнагароджваецца – вялікаю палёгкаю пасля здадзенае сесіі. Цяпер, у трэцяй па ліку альма-матэр, я наўмысна выклікаю ў сябе гэтае трымценне з залікоўкай перад аўдыторыяй, з цікавасцю адсочваючы яго метамарфозы. Мае аднагрупнікі – дарослыя людзі: замужнія жанчыны, даішнікі, амапаўцы, загадчыкі аддзелаў, старшыя інспектары – усе ў гэтым экзаменацыйным трымценні выглядаюць, як школьнікі.

      Ну ўсё, нібыта дачакалася – школа скончаная! Чакаеш ад жыцця вялікіх падарункаў.

      Галоўнай тэмай, насуперак усяму, гучыць Каханне. Заўжды без адказу. Аднабаковы рух. Ці то з майго боку, ці то з процілеглага.

      Звыклая схема: спачатку чакаеш вырашальнае


Скачать книгу