Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторов
Читать онлайн книгу.гэты камін імем… Ката!
І ўсе запляскалі Анёлку, а ягоны маўклівы ВусатыПаласаты таварыш маўкліва аддзячыў яму позіркам.
А ў адзін цудоўны дзень замкавым жыхарам собіла садзіць сад. Бо Беладонна недзе вычытала, што кожны чалавек у сваім жыцці мусіць пасадзіць дрэва. І пэўная частка неабсяжных замкавых прастораў была адведзеная пад Зімовы Сад. І праўда, як толькі ўсе дрэвы былі пасаджаныя, адразу аднекуль з-пад празрыстае столі пасыпаў буйны снег, які надаваў Саду надзвычайную прыгажосць ды ўрачыстасць.
Якіх толькі дрэў там ні было! Кожны садзіў тое, на што была багатая ягоная фантазія. Былі там і пальмачкі, і стогадовыя дубы, і навагоднія елкі з агеньчыкамі, і Грашовае Дрэва з Краіны Дурняў, бярозы ды сосны, і кусты бузіны з прыкручанай да іх шыльдачкай «А ў Кіеве дзядзька», а браты-блізняты Белы ды Чорны ўвогуле вырасцілі Дрэва Спазнання Дабра і Зла, і Фата-Мантана адразу ж абкруціла яго галіны лялечнай змяёй. Змяя ў тую ж хвілю ажыла ды пачала гандаль яблыкамі.
З маімі героямі мусіла здарыцца яшчэ багата гісторыяў, бо ў Замку была процьма таямнічых мясцін. Але галоўным іхным заняткам былі штовечаровыя размовы. Як я ўжо казала, штовечар яны збіраліся ў троннай зале. Гэта была такая вялізарная зала, куды былі сцягнутыя ўсе троны, што былі ў Замку, агульным лікам сем штук. Хто і навошта іх туды сцягнуў – невядома. Яшчэ ў троннай зале быў камін памерам з добрую браму, які замкаўцы штовечар распальвалі. Святла ды цяпла было досыць усім.
Насельнікі замку сядалі ў кола на падлозе (ну, натуральна, не на голую падлогу, у іх былі розныя дываны) ды вялі філасафічныя гутаркі, на якіх абмяркоўвалі глабальныя пытанні жыцця.
Фата-Мантана запэўнівала ўсіх, што яе лялькі – жывыя, бо ім уласцівыя ўсе чалавечыя якасці. І ніхто не мог давесці ёй адваротнае – бракавала аргументаў.
Трыстана пераконвала народ, што ўсе яе нешчаслівыя каханні маюць права на існаванне, бо яе пачуцці да ўяўных каханкаў самыя сапраўдныя. А народ пераконваў Трыстану, што яе пачуцці, хоць і сапраўдныя, але марныя.
На абарону Трыстаны заўсёды падымалася Беладонна, і размова адразу пераходзіла ў рэчышча вызначэння паняткаў «каханне» ды «сэнс». «Ці можа быць сэнс без кахання альбо каханне без сэнсу?»
Акварыус спрабаваў навучыць замкаўцаў слухаць ды разумець музыку і даводзіў, што ежа не ёсць сэнсам жыцця.
Касіяпея пачынала ўсе прамовы аднолькава: «Што такое імгненне ў параўнанні з Вечнасцю? Тое самае!», а потым пераводзіла на тое, што кожны мусіць прайсці курс псіхааналітычных сеансаў.
А-Гуру-Уок, грукаючы сваімі бразготкамі, казаў, што ён усё спазнаў ды заклікаў усіх увайсці ў Нірвану.
Частка вечара абавязкова ахвяроўвалася на затыканне рота Анёлку, які пачынаў спяваць песенькі, а той вырываўся, бегаў па ўсёй зале ды крычаў:
– Пакіньце ў спакоі шчаслівага чалавека!
Паэт увесь час скардзіўся на творчы крызіс, прасіў падказаць яму сюжэты, зачытваў першыя радкі няствораных вершаў ды тужліва пазіраў у бок Музы. А тая толькі крывілася ды