У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава
Читать онлайн книгу.Вітусам. А ягоная маці – аўчарка Рэгіна – пяшчотна-паблажліва пазірала на малечу: свайго нашчадка і маладую гаспадыню. Хай сабе гарэзуюць – на тое і маладосць. Колькі год было Рэгіне – ніхто не ведаў. Як вывез з Нямеччыны вайсковец, што займаў да іх кватэру, той самы, у якога была набыта дубовая шафа. Азарэвічы ці не месяц-другі жылі ў адным пакоі, пакуль маёрава сям’я не з’ехала ў Пухавічы. Ці то нечым упадабала Азарэвічаў Рэгіна, ці то былі яшчэ якія абставіны ў яе сабачым жыцці, аднак праз нейкі час аўчарка з’явілася ў іх доме. І стала паўнапраўным сямейнікам. Прыгажуня. З вачыма, што разумелі ўсё. Калі былая гаспадыня Рэгіны, маёрава цешча, гулькаючы пульхнага – вочак не відаць – дзіцёнка-ўнука, прыгаворваючы: «Ой-ёй-ёй, шейка, как у чаечки», – Рэгіна паглядала на яе відавочна іранічным позіркам. Можа, таму і трапіла ў няміласць?
На Дану, Рэгіну, Вітуса, на ўсіх гараджан пазіралі звысоку вежы замка. Што ім да згрызот гэтых часовых насельнікаў? Яны, вежы, стаяць тут стагоддзі. Што ім змена часоў? Рэжымаў? Нораваў? Строяў? Што ім да парафіян, што ідуць да касцёла? Да забудоў гэтых парафіян? Тэатральныя дэкарацыі чарговага спектакля часу. Хаця… Яны таксама частка дэкарацый. Ды і… толькі вежы. Толькі рэшты. Вось і храм дамініканцаў, замыслены на даўгалецце, на працягу аднаго жыцця Даны зачынялі, рабілі сховішчам, спалілі… і ўрэшце сабраліся рэстаўрыраваць. Той рэжым, на які прыпала значная, не, мабыць, большая частка яе жыцця, відавочна не быў у згодзе з вечнасцю. І са старадаўнінай. Тое, што прыйшло на замену, таксама было мала падобна на патрэбны людству лад. І тых, і другіх гаспадароў жыцця хто вёў шляхам Розуму? Шляхам Памяці? Шляхам Любові? Якім было іх sensibilite – адчуванне? Чаму адны выракліся Таямніцы, а другія, падобна, абвясціўшы свабоду, выракліся ўсяго, што цэніць чалавек? Палітыкі ставяць спектаклі часу – «до полной гибели всерьез», надаюць маштабы мізэрнаму. Гуляюць гульні эпохі.
Шчасце выпадку
Пэўна – той раніцы Анёл у цені сваіх крылаў відавочна паспрыяў ёй. З касцёла, калі Дана падышла да яго, даносіліся гукі – яна нават не ўсвядоміла адразу, што нехта спявае. Сапрана было чыстае, як усмех дзіцяці. Лірычнае сапрана, што мела, мабыць, схільнасць і да каларатуры. Старэнькі клавесін нягучна падыгрываў голасу. А голас не ляцеў, а ўзносіўся – і сціхаў недзе высока пад скляпеннямі, потым зноў – узнікаў і лёгка плыў далей.
Так было цэлае лета – дзяўчынка прыходзіла і слухала ў пустым касцёле голас. Пазней адбылося знаёмства з жанчынай, што пела. На вуліцы яна сама падышла да Даны. А тая не схацела звязваць голас, тыя хвіліны з будзённага выгляду жанчынай, у шараватай паркалёвай сукенцы. Чар голасу не супадаў з уражаннем ад яго ўладальніцы. Дана яшчэ была ў палоне рамантычных мрояў, і несупадзенне выгляду і голасу было не тое каб асабістай абразай, але відавочным непаразуменнем. Яна ніколі ў жыцці не будзе глядзець на хоры, нібыта яе можа прычакаць пакаранне Лотавай жонкі. І таму, што не схоча парушаць канон, і таму, што будзе баяцца пабачыць твары, зусім не падобныя на тыя, што ёй уяўляліся, калі яна чула