.
Читать онлайн книгу.цяпер называюць тую з’яву Windsbraut, «нявеста ветру». Пяшчотная прыгажуня Псіхея, каб вярнуць свайго Амура, аж у царства мёртвых датупала па ваду са Стыкса. Наша Вужыная Каралева, дарэчы, таксама мужа страціла і жаласна клікала яго з дрыгвы. О, а вось згадаўся эксклюзіў! Сука Фініст Ясны Сокал з расейскай казкі. Калі ад жонкі сыходзіў, заявіў: бывай, маўляў, красунька, калі надумаеш шукаць мяне за трыдзевяць земляў, стопчаш тры пары жалезных чаравікаў, тры жалезныя кавенькі зломіш, тры прасвіры каменныя згрызеш, тады і знойдзеш мяне, добрага малойца. Красунька, вядома, стоптвае, згрызае і знаходзіць… Потым, у палацы сукі Фініста, лечыць раматус і харчуецца кашкамі. Суставы застуджаныя, зубоў няма…
Каму сокал, каму крумкач.
Кажуць, каб даведацца, па якім сцэнарыі жывеш, трэба ўспомніць улюбёную казку з дзяцінства. Але ж у мяне гэта дакладна не той навалачны Фініст. А – не можа быць! – «Снежная каралева». Герда ў пошуках Кая. Збяры слова «вечнасць» з падручных матэрыялаў і прамяняй палову свету на канькі.
У электрычцы на Асіповічы я купіла ў дзядзечкі-карабейніка сінюю накідку ад дажджу. І каб Салому пазлаваць, які прыхапіў для мяне, бездапаможнай, парасон з чорнымі катамі на гарчычным фоне. І шкада зрабілася дзядзечку, які відавочна зусім нядаўна, мусіць, пасля вылету на пенсію, паспрабаваў гандлярскай долі. Рэкламаваць тавар свой толкам не навучыўся, ажно голас зрываўся і ад сораму, і ад страху, што ні капейкі не заробіць.
І як адчувала… Толькі выйшлі ў той Мар’інай Горцы, дождж абрынуўся, нібы спазняўся на спатканне з зямнымі нетрамі. Так што мне ў сінім шаргатлівым «доміку» было куды выгодней, чым Мацею хай бы і з двума парасонамі. Корвусава цётка-пашпартыстка, сур’ёзная кабета з па-мужчынску буйнымі рысамі твару ў карэ фарбаваных пад каштан валасоў, злосна зыркнула на наш мокры абутак, які пакінуў абуральныя сляды на ламінаце пад мораны дуб у вітальні ейнай кватэры, хоць мы адразу разуліся да шкарпэтак (пантофляў нам не прапанавалі). Алена Рыгораўна – ёй бы іграць улюбёную дачку злой мачыхі беднай сіроткі, тую, дзеля якой у сіроткі адбіраюць усё, ад напрадзеных нітак да багатага жаніха, буркатнула: «Праходзьце». Тоўсты кацяра на канапе скрывіў пляскатую пысу і адвярнуўся. У серванце бялеў падораны нам з Корвусам на вяселле сервіз, з кучаравымі пастушкамі і кветкавымі гірляндамі. Пахла таннай пудрай і карвалолам. Фотаздымка зніклага пляменніка не відаць нідзе.
Алена Рыгораўна так і не спытала, што за фацэт прыйшоў з жонкай пляменніка, нават не кінула на Мацея ніводнага цікаўнага позірку. Раздражнёна дастала з шуфляды пакет, загорнуты ў цэлафан:
– Зрабіла ласку завітаць, дык бяры. Віталь перад ад’ездам свае рэчы спакаваў, каб у Мінск перавезці, так і стаялі валізы ў кладоўцы. Перад новым годам вырашыла перабраць, падалося, што моль там развялася. А ў валізе зверху вось гэта… Табе адрасавана. Вырашыла, варта перадаць, хоць табе, даражэнькая, відаць, усё роўна.
Пляскатвары кацяра лена саскочыў з канапы і ці сослепу, ці ад шкоднасці