Libido. Ільля Сін
Читать онлайн книгу.заводзіцца для прагрэву. “Выходзіць чалавек да справаў сваіх і да работы сваёй да вечара”.
Панад усім гэтым птушкі. Іх чарада перасякае пасвятлелае неба ды знікае паза межамі бачнай часткі свету, далікатна сведчачы гэтым пра яго неабмежаванасць.
Дома брат Зосіма ставіць на пліту імбрык, снедае заўчорашняй кашай, ненадоўга застывае перад іконай, жагнаецца, кладзецца ў ложак і працягвае слухаць тэхна. Цяпер гэта налітыя сокам яблыкі, што адзін за адным падаюць у пустэльным садзе.
Калі сэт сканчаецца, ён расплюшчвае вочы. Недзе па той бок шыбы чыркаюць галубы і дзеці. Гэта новы дзень і ўжо зусім новыя гукі.
Па сканчэнні малітвы брат Зосіма яшчэ пэўны час пагружаны ва ўнутранае маўчанне. Сядзіць на сваім ложку і ні пра што не думае. Навакольны свет, поўны вітальнага руху, уваходзіць у яго бы адкрыццё – паступова і сам сабою, пранікаючы ў вушы, у свядомасць, у сітавіны скуры.
Сёння ў яго шмат вольнага часу, на завод ізноў у начную. Брат Зосіма сядае на старэнькі ровар. Шматпавярхоўкі і гаражы хутка застаюцца ззаду, цяпер навокал – бязлюдны пакручасты ландшафт, сфармаваны, аднак, праз умяшальніцтва чалавека.
Выгіны, траншэі, насыпы парожняй пароды, закінутыя рыдваны будоўляў… Палімпсест розных уцямных некалі фразаў, крамзаніна паверх напісанага, якая зацярушвае трывіяльны ў свой час змест.
Ровар манеўруе сярод усёй гэтай разнастайнасці, то патанаючы ў складках, то ўскараскваючыся на ўзгоркі. Брат Зосіма адчувае ў пастаянных перападах вышыняў пэўны рытм і на бліжэйшыя паўгадзіны засяроджваецца толькі на ім.
У нейкі момант ён адпускае стырно. Даўгія валасы кудлацяцца, пробліскі сонца раптоўна трапляюць у вочы, на твары вымалёўваецца амаль дзіцячы азарт.
Калі ён даязджае да бліжэйшай вёскі, ветрык даноcіць пах гарэлага лісця. Бабуля, у якой брат Зосіма папрасіў набраць вады, настойліва частуе яблычкам. Упэўнены націск зубоў прымушае спелы плод пырснуць сокам. Валасінкі на барадзе зліпаюцца, і брата Зосіму гэта смешыць.
На зваротным шляху ён збочвае да ракі, зножваецца і нейкі час нерухома ляжыць на зямлі, углядаючыся ў расплывістыя абрысы аблокаў.
Па вяртанні дахаты брат Зосіма пачынае рыхтавацца да вячэрні. Святара ў горадзе даўно ўжо няма, як, зрэшты, і прыхаджанаў, і таму ён будзе выкарыстоўваць скарочаны варыянт.
Апрануўшы падраснік і клабук, выходзіць на вуліцу. У дзятвы гэты дзіўны дзядзька выклікае сапраўднае захапленне, хай часам і жорсткае – вядома ж, падзіцячаму. У царкве, як заўсёды, шматлюдна. Брат Зосіма праціскаецца ў алтарную частку, запальвае свечку і раскрывае малітоўнік.
Пульхная кабеціна ў скуранцы вылупіла на яго вочы, запіхваючы ў торбу палку сыравяленай кілбасы.
Пару разоў ахоўнікі здавалі яго ў міліцыю, але потым ім надакучыла. Яны зразумелі, што іх гісторыі ніяк не перасякаюцца з ягонай.
На словах “Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла” скрозь прабоіну ў вітражы пад самым купалам у царкву ўляцела шэрая галубка.
10.15. Недзе за вакном