Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк

Читать онлайн книгу.

Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк


Скачать книгу
[33]

      Інтэлектуальная ўскладнёнасьць паэтычных вобразаў не дазваляе прозе Джойса апусьціцца ў сьлязьлівы сэнтымэнталізм ці пустую экзальтацыю (хіба што дзеля сатырычнае мэты, калі стылем нарацыі стаецца імітацыя і пародыя стылю іншых).[23]

      Урэшце надыходзіць момант, калі Тэлемах спатыкаецца з Нэстарам (гамэраўскі загаловак гэтага эпізоду – „Нэстар”). Ролю Нэстара выконвае містэр Гэрэт Дызі, кіраўнік школы. Гэта стары, бурклівы, самаўпэўнены і кансэрватыўны чалавек. Ён – Стывэнаў працадаўца, які якраз сёньня выплочвае Стывэну ягоны заробак: тры фунты дванаццаць шылінгаў (зь якіх адзін фунт Стывэн паабяцаў Малігану на выпіўку). Містэр Дызі – адзін з тых ірляндцаў, якія служаць сваім заваёўнікам рупліва і аддана. На сьценах ягонага кабінэта партрэт прынца Валіі (пазьнейшага караля Эдуарда VII) і фатаграфіі скакавых коней ангельскіх арыстакратаў; ён – зьбіральнік манэтаў з эпохі Сьцюартаў і марскіх ракавінаў. Ён захапляецца ангельскім падыходам да жыцьця („Я заплаціў за сваё. Я нікому не вінаваты”), а Шэксьпір для яго асацыюецца з фразай Яга ў „Атэла”: „Грошы кладзі ў каліту”.[24] Джойс прадстаўляе яго ў іранічным сьвятле ня толькі як „мудрага Нэстара”, але і як „карэннага ірляндца”:

      – У маіх жылах таксама бунтарская кроў, – прызнаўся містэр Дызі. – Па жаночай лініі. А па мужчынскай лініі я выводжу свой род ад сэра Джона Блэквуда, які галасаваў за унію.[25] Усе мы ірляндцы, усе – нашчадкі каралёў.

      – На жаль, – сказаў Стывэн.

      – Per vias rectas, – цьвёрда вымавіў містэр Дызі, – было ягоным дэвізам. Ён галасаваў за унію й дзеля гэтага абуў батфорты ды паехаў у Дублін з Ардсу ў графстве Даўн.

      Містэр Дызі, згодна з Гэгелем, лічыць, што „ўся гісторыя імкнецца да аднае вялікае мэты – выяўленьня Бога”. Гэта – боская трактоўка гістарычнага працэсу. Прыгадаем, што ў першым эпізодзе Хэйнс, гаворачы аб несправядлівых адносінах ангельцаў да ірляндцаў, звальвае віну на гісторыю, трактуючы яе як нейкую дэманічную сілу. Ні адно, ні другое не адпавядае Стывенаваму разуменьню гісторыі ці, лепш сказаць, ягоным адносінам да яе наступстваў. Ён ня хоча прызнаць уладу гісторыі над сваёй асобай. Калі хлопцы на пляцоўцы забіваюць гол і чуваць іхнія вокрыкі, ён кажа містэру Дызі: „Вось Бог. (…) Крык на вуліцы”. Стывэн іранічна атаясамлівае „выяўленьне Бога” з голам на пляцоўцы (неперакладальная гульня словаў, у якой слова goal раз значыць мэта, а раз проста гол). Ён успрымае гісторыю як „кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца” [39] і хоча жыць сёньняшнім днём. У дзявятым эпізодзе Стывэн фармулюе гэты погляд explicite: „Трымайся за тут і цяпер, празь якія ўся будучыня апускаецца ў мінулае”. [193]

      Містэр Дызі ўслаўляе гісторыю, гэтым самым ухваляючы сваю сёньняшнюю ролю слугі і паклоньніка ангельскай дзяржаўнай магутнасьці. Гісторыя для яго – выява боскай справядлівасьці, да якой ён залічвае і антысэмітызм („яны саграшылі супроць сьвятла”). Ён называе сябе „змагаром за слушную справу”


Скачать книгу

<p>23</p>

Прыкладам, трынаццаты і чатырнаццаты эпізоды, „Наўзыкая” і „Быкі Сонца”.

<p>24</p>

Спасылкі на Шэксьпіра ў тэксьце „Ўліса” ня менш рэдкія за спасылкі на Гамэра. Сьціпленькі беларускі запас перакладаў Шэксьпіра не заўсёды дазволіў пакарыстацца ўжо гатовымі цытатамі, паколькі яны не заўсёды пасавалі да кантэксту „Ўліса”. Так, у дадзеным выпадку, бледнае „зьбірай грошы” ў перакладзе Ю. Гаўрука ня вельмі стасуецца да Шэксьпіравага выслоўя Put but money in thy purse, ужытага містэрам Дызі.

<p>25</p>

„Галасаваньне за унію” – ірляндзкі „інтэграцыйны рэфэрэндум” 1800 г. (падкуплены і сфальшаваны), які распусьціў ірляндзкі парлямант і перанёс палітычны цэнтар кіраваньня Ірляндыяй з Дубліну ў Лёндан. Скасаваньне гэтага „ўніяцкага акту” было адным з цэнтральных палітычных пытаньняў Ірляндыі ў ХІХ стагодзьдзі.