Бог кахання Марс. Сяргей Балахонаў
Читать онлайн книгу.дзеля нашага ратунку?
– Не, наогул. Для выканання той жа місіі.
– Дарагая цацачка. «Coböl Engineering» пойдзе на гэта толькі тады, калі каштоўнасць здабытага мінералу з лішкам пакрые выдаткі і дасць велізарныя прыбыткі звыш таго. Але ж адна падрыхтоўка можа заняць некалькі гадоў. Дый мы з табой не ведаем, што цяпер дзеецца на Зямлі. А раптам сіндром татальнай адзіноты накрыў усіх жыхароў планеты, не прамінуўшы нават дзялкоў магутных карпарацый? Калі там віруе глабальная пандэмія, ніхто і думаць не стане пра нейкі марсіянскі мінерал…
– Гэта значыць, што мы тут назаўсёды? – У голасе Марыны адчуўся ледзь прыкметны надрыў, нібы яна адважна змагалася з навальнай патрэбай выплакацца.
– Старая песня… Мы павінны быць гатовымі і да такога павароту. І я паўтару табе тое, што казаў раней. Галоўнае не апанурвацца. Трэба верыць у свае сілы і памнажаць веды. Розум вядзе караблі, накіроўвае вёслы і ветразь! Будзем клапаціцца, каб тэхніка нас не падвяла. Мы столькі працуем над тым, каб наша жыццё працягвалася, што грэх паддавацца роспачы. «Цяпліцы» і цяпер даюць нам не толькі вітаміны, але і істотны адсотак кіслароду. Далей аддача будзе толькі расці. Дамо адпачыць аскігенатарам. Зоймемся іх амартызацыяй. Ветракі, дзякуй богу, працуюць без збояў. Скончыцца бура – адразу ж запражом «сланечнікі». Будзем па сітуацыі чаргаваць крыніцы электраэнергіі. А калі пачнём здабываць ваду, то можна і пра запуск партатыўнай АЭС падумаць. Глядзіш, і на Зямлі тым часам нешта зменіцца. Хваробы, нават такія дзіўныя, як сінтатадзін, не вечныя. А вось цяга да космасу ў здаровых людзей ёсць заўсёды. Хто ведае, мо і прыляцяць калі-небудзь… Не дзеля мінералу… Але мне не хацелася б гэтага. Мне дастаткова, што мы з табой разам.
Ён прыгарнуў каханую. Яна не вытрымала напругі і расплакалася.
– Абяцай… Чуеш? Абяцай, што ты не памрэш раней за мяне, што мы застанёмся з табой разам да канца, – скрозь слёзы ўмольвала Марына.
– Як Сід і Нэнсі? – тоячы трывогу, падкрэслена бадзёра спытаў Ягор.
– Як шчаслівец Дамп і яго міс Гамп, – жанчына нясмела ўсміхнулася.
– Эпічная парачка, – блазнавата мовіў каханак, спадзеючыся цалкам пераключыць увагу на іншае. – Самая ўдалая партыя на «Навухаданосары». Хто б мог падумаць, што навуковец і пілатэса так пакахаюць адно аднаго! Дамп, канешне, не без фанабэрынкі дзядзька быў. Казырнуцца любіў. Пра мнагажонства нясмешна жартаваў. Але…
– Але ў часіну ікс даказаў, што міс Гамп для яго – як здароўе тое…
– Сігануў да яе ў пультавы адсек, і нават капітан не пасмеў яго адтуль выгнаць.
– Да канца.
– Да самага.
– Я не перажыву адзіноты, – вярнулася да сваіх дакучлівых думак пасяленка. – Дзяцей у нас не будзе. Кот да таго часу ўжо апражэцца. А кнігі і фільмы мне не дапамогуць. Таму ўсё ж не памірай першым.
– Абяцаць не магу, але буду старацца, – развітаўшыся з блазнаватасцю, прачула запэўніў Ягор. – Што б там ні здарылася, не кідайся ў крайнасці. Жыві столькі, колькі адмерана. І