Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.якога. Куды дзелася ўся яго далікатнасць і пачцівасць? Дзяўчынка зрабіла нейкі ўжо надта пакутніцкі ўсхліп, шморгнуўшы носам.
– Не журыся, Баська! – усклікнуў Міхал і, не разлічыўшы моцы, дужа ляпнуў яе па плячы так, што ў дзяўчынкі падкасіліся ногі.
Бася сабрала рэшткі сіл і паспрабавала супакоіцца. Раптам ёй у галаву прыйшла ідэя.
– Слухай, Міхал, калі ты ўжо мяне апрануў як хлопчыка, можа, мы пойдзем пашпацыруем па горадзе? – спытала яна.
– Так, – кіўнуў юнак. – У мяне ж вольны дзень. Можна адразу пасля снедання і пайсці.
Яны спусціліся па лесвіцы ў прасторную залу, дзе за сталом ужо сядзела некалькі чалавек: пажылы мужчына і трое маладых людзей, якія пра штосьці жвава гутарылі. Па-за імі стаяла рудавалосая мажная кабеціна гадоў сарака, якая, убачыўшы Басю ў хлапчуковым адзенні, пляснула рукамі і ўжо жадала была адкрыць рот, каб нешта сказаць, але, заўважыўшы, як Міхал цішком паказвае ёй кулак, змоўчала і незадаволена сцяла вусны.
– Добрай раніцы! – павітаўся юнак.
У адказ таксама пачуліся прывітанні. Людзі за сталом з цікаўнасцю паглядзелі на Басю, а мажная кабета падбадзёрваючы ўсміхнулася ёй.
– А гэта… гэта Янэк, – Міхал прадставіў усім дзяўчынку, назваўшы яе першым імем, якое ўзгадаў.
Бася прысела на лаву.
– Карміцелька, дай Янэку посуд, – папрасіў юнак.
– Марыська! – гучна крыкнула кабета ў адчыненыя дзверы, якія вялі ў кухню. – Прынясі яшчэ адну талерку і конаўку!
У залу ўвайшла румяная дзяўчына з посудам у руках і пытальна зірнула на карміцельку.
– Пастаў пану Янэку.
Убачыўшы Басю, дзяўчына зачырванелася яшчэ больш і, апусціўшы вочы, паставіла перад Басяй талерку з конаўкай.
Пасярод стала былі вялізная міска з кашай і свежы нарэзаны хлеб. Міхал наклаў сабе цэлую талерку кашы і падсунуў міску да дзяўчынкі. Убачыўшы страву, Бася зморшчылася, зачэрпнула трохі кашы, пакалупала яе ў сваёй талерцы, але так і не пакаштавала.
– Адкуль пан Янэк прыехаў? – спытаў пажылы мужчына.
– З-пад Ліды. Ён мой далёкі сваяк, – зноў пачаў выдумляць Міхал.
– Сапраўды? А я не ведала, што ты там маеш сваякоў, – карміцелька дапытліва паглядзела на юнака.
– Насамрэч, – страпянуліся маладыя людзі, – хіба ты маеш радню ў Лідзе?
– Так, ды толькі вельмі-вельмі далёкую. Збяднелая шляхта. Бацькі Янэка папрасілі пашукаць нейкую службу для сына, вось я і прывёз яго ў Вільню.
– І куды ж ты збіраешся яго ўладкаваць? – зноў спытаў пажылы чалавек.
– Я пакуль пра гэта не думаў, – адказаў юнак і дбайна ўзяўся есці, каб пазбегнуць далейшых запытанняў.
– Ну, мне здаецца, што пан Янэк пакуль што надта юны для ваяўнічай службы, – меркаваў услых мужчына. – Хіба што яго да княгіні адправіць, але чаму толькі ён навучыцца сярод кабет?
Маладыя людзі дружна зарагаталі.
– А што ён умее? – спытаў адзін з іх.
– Ды нічога асабліва і не ўмее. Я думаю, пакуль Янэк застанецца пры мне, – няпэўна прамовіў