Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.у вашых піражкоў нейкі дзіўны, – пераборліва сказала яна.
– Не ведаю, піражок як піражок, – паціснуў плячыма Міхал і, выхапіўшы ў Басі з рук ежу, адкусіў вялізны кавалак.
– Міхал! – крыкнула яна, не чакаўшы ад яго такой нахабнасці.
– Што? – здзівіўся юнак, запіхваючы ў рот кавалак, які застаўся.
– Я не казала, што не буду есці! Міхал задушыўся і пачаў кашляць.
– Выбачай, – прамямліў ён. – Ну, усё роўна мы хутка вернемся дадому і будзем есці.
– Дурны! – раззлавана прабурчала Бася.
– Не дурны, а твой пан!
– З чаго гэта? – здзівілася дзяўчынка.
– Памятаеш, што карміцелька сказала, калі я паведаміў, што ты пакуль будзеш пры мне? Маўляў, пан Міхал абзавёўся пажам, – зарагатаў юнак, відавочна задаволены сваім недарэчным жартам.
– Знайшоўся пан! Бачыла я такіх паноў, – убок прамармытала дзяўчынка.
– Што ты там кажаш? – гучна спытаў Міхал.
– Што пан самы разумны і храбры! – смеючыся, усклікнула Бася.
– Ну, бачыш, вось ты і развесялілася, – юнак узрадваўся, што дзяўчынка кінула супіцца.
– Але піражок і стужкі я табе ўсё роўна не дарую! – паабяцала яна.
Міхал толькі хітравата ўсміхнуўся.
Вярнуўшыся дадому і паабедаўшы, яны пайшлі наверх, і юнак паказаў Басі пакой, у якім яна будзе жыць. Усё агледзеўшы, дзяўчынка прысела на века куфра, у які яны згрузілі ўвесь набыты сёння скарб, і склала рукі на грудзях, робячы выгляд, што ўсё яшчэ крыўдзіцца на Міхала. Ён прысеў побач і, злёгку штурхануўшы яе ў бок, паклікаў:
– Бася.
– Н-ну? – незалежна прамовіла дзяўчынка.
– Глядзі, – юнак працягнуў ёй танюткую, сплеценую з залатых нітак сетачку для валасоў.
– Ой, гэта мне? – пралапатала Бася.
– Ага. Гэта лепшае за стужкі і грабянькі?
– Зразумела! Дзякуй, Міхалачак, вялікі табе дзякуй! – засакатала яна, але ў наступную ж хвіліну зноў засумавала.
– Што з табой? – здзівіўся юнак.
– Як жа я буду яе насіць, калі ты мне ўсе валасы абцяў? – спытала Бася.
– Ну, я думаю, што да таго часу, як табе яе насіць, яны ўжо вырастуць, – супакоіў яе Міхал і ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў пацешыць сваю госцю.
Раздзел 5
Басі так карцела хутчэй даведацца, чаму яна не можа вярнуцца дадому, што на другі ж дзень яна папрасіла Міхала завесці яе да пана Альбрыхта. Юнак згадзіўся. Яму трэ было ісці на службу, таму ён папярэдзіў дзяўчынку, што можа затрымацца да позняга вечара, і дамовіўся, каб яна пачакала яго ў старога.
Калі яны ўвайшлі ў краму, то ўбачылі, як пан Альбрыхт гандлюецца з кімсьці з пакупнікоў. Дзяўчынка памахала купцу рукой. Заўважыўшы яе, стары паклікаў памагатага, каб той заняўся пакупніком, а сам, кіўнуўшы ў бок ужо знаёмых дзвярэй, накіраваўся да свайго кабінета. Міхал і Бася паспяшаліся за ім.
Павітаўшыся, стары сказаў:
– Я так і думаў, што вы прыйдзеце сёння. Зрэшты, ваша нецярплівасць зразумелая. Прысаджвайцеся!
– Мне трэба ісці на службу. Можна Бася