Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн книгу.Яўгенія Канстанцінаўна.
– Ані. Падазраю, што пасля гэтых малойчыкаў мы наўрад ці што здолеем знайсці, аднак скласці пэўнае меркаванне, спадзяюся, атрымаецца. Хадзем, – татухна прапусціў яе наперад.
Панна Пракшына агледзелася. Знутры таксама нічога не кідалася ў вочы насуперак тым карцінам, што з’яўляліся ёй па дарозе да маёнтка. Ну, хіба што ў пакоі належала як след прыбрацца ды расставіць усё па мейсцах, што татухна рабіць строга забараніў.
– Я думала, тут усё будзе ў крыві, – расчаравана заўважыла дзявіца.
– Ты чакала, што сярод лужын не будзе куды стаць? Не, darling, для такога трэ прыкласці пэўныя высілкі ды мець на мэце атрымаць тыя лужыны. Каб прынамсі рана была нанесена нажом альбо справы тычылася агнястрэльная зброя, а так… – Канстанцін Мікалаевіч хуткім позіркам абвёў пакой ды, асцярожна пераступаючы, каб прайсці ўглыб, працягнуў: – Забіты сканаў зусім не праз страту крыві, а з-за моцнага ўдару, што пашкодзіў яго мазгі, асноўнае кровазліццё адбылося знутры… Толькі не наступай, калі ласка, на гэтую пляму!
Яўгенія Канстанцінаўна ўжо збіралася перасунуцца за татухнам, але спахапілася: яна ледзь не ўпячаталася туфлікам у галоўны доказ, які брудна барвовеў у міліметры ад яе – менавіта тут нядаўна ляжаў нябожчык. Чамусьці невялічкая лапіна гэтая мела куды большае значэнне, чым усе ўяўныя крывавыя рэкі і акіяны. Панна Пракшына зрабіла некалькі глыбокіх удыхаў ды загадала сабе трымацца годна, не хапала яшчэ з-за празмернай уражлівасці сапсаваць мейсца злачынства. Каб не засяроджвацца на думках аб уласна трупе ды не перашкаджаць татухну, яна зірнула ў акно, але, як на злосць, позірк натрапіў на калёсы, з якіх сцягнулі радно ды зараз мясцілі агромністы лёдавы куб. Губернскі сакратар роспачна трос рукамі ды намагаўся ў нечым запэўніць сваіх бязглуздых памагатых. Быццам у насмешку гэтаму пазбаўленаму ўсякай радасці відовішчу з-за хмар вызірнула бледнае сонца.
Усё ж лепей было разглядаць раскіданыя рэчы, ацэньваючы, наколькі яны пасавалі да характарыстык зброі, чым зараз і займаўся Канстанцін Мікалаевіч. Скупыя промні, прабіваючыся праз трохі пыльныя шыбы, выхапілі некалькі дошак на падлозе, і ў шчыліне паміж імі прабегла іскрачка.
– Мяркую, шукаць прыладу забойства трэба недзе ў іншым месцы, – падвёў вынік татухна. – Хадзем, тут мы больш нічога не…
– Пачакай, daddy, – бесцырымонна перапыніла яго Яўгенія Канстанцінаўна і прысела на кукішкі ў сонечным прастакутніку, каб разгледзець лепей. – Там нешта захрасла.
– Ну-ка, ну-ка, – татухна, насуперак сваім перасцярогам, падабраў нож для паперы ды падкалупнуў штучку.
На далоні ў пана Пракшына з’явіўся невялічкі бліскучы кругляк.
– Гэта што – золата? – працягнула Яўгенія Канстанцінаўна, немаведама навошта панізіўшы голас.
– Віншую, Джынні: здаецца, ты знайшла прычыну забойства. Аднак цяпер я ўвогуле нічога не разумею.
Панна Пракшына пытальна ўскінула бровы.
– Паглядзі ўважліва, – з дакорам прамовіў татухна, працягваючы дачцы манету.
Акрамя