Дыялогі з Богам (зборнік). Валянцін Акудовіч
Читать онлайн книгу.Бо хто ж цябе пусціць у пекле швэндацца, быццам гэта кірмаш. Пэўна, і вокам міргануць не паспеў, як далі яму такога выспятка, што куляй назад вярнуўся…
Ат, чаго там шмат казаць, калі нават на той свет чалавек не справіўся ў свой тэрмін патрапіць.
Гаротны лёс
Усяму свету вядома, што лепей за нас ніхто не ўмее наракаць ды скардзіцца. Мы і грамаце навучыліся раней за іншых, каб скаргі начальству пісаць.
Пакуль быў Бог, мы болей яму жаліліся і тады неяк без начальнікаў абыходзіліся. А як Бога адмянілі, дык начальнікаў адразу спатрэбілася процьма, бо нехта ж павінен быў чытаць нашыя крэмзы.
Але гаворка тут не пра скаргі, а пра нашае ўмельства перамагаць бяду скаргамі. Іншыя, як загарыцца хата, бягуць па ваду, а мы збярэмся ля вагню і наракаем на лёс. Не паспеюць галавешкі астыць, як у нас ужо і слёзы павысыхалі.
Нашае майстэрства трываць ды жаліцца здавён цікавіла вучоных. Дзе мяжа і ці ёсць мяжа іхняй трывушчы? – нарэшце паставілі яны пытанне рубам. І падпалілі ўсе нашыя хаты.
– Тут ужо напэўна яны кінуцца тушыць, – было іх меркаванне.
Дудкі! Дачакаліся мы галавешак і пабеглі ў лес абдзіраць бярозы. А як абадралі, дык такую скаргу на бяросце напісалі, што і сёння без слёз чытаць немагчыма.
Моцна зажурыліся вучоныя, бо далей не ведаюць, што яшчэ можна з намі зрабіць.
Але потым адзін акадэмік згадаў:
– За мяжой людзі разумнейшыя, – кажа.
Тады вучоныя паклікалі адмыслоўцу з далёкай стараны, і той не адразу, але прыдумаў. Трэба, тлумачыць, каб уся зямля ў іх пад нагамі спачатку гарэла, а потым чарнобылем зарастала.
Гэта вам не жартачкі – падпаліць столькі зямлі. Каб такую справу аблічыць і ўсё як мае быць падрыхтаваць, не адзін дзень змарнуеш.
Пакуль вучоныя лічылі-пералічвалі, мы і хаты адбудавалі, і скаргаў, можа, на сто вёрст напісалі.
Раптам – гарыць. І там, і тут – усюды гарыць. Няма куды бегчы.
Паўскідалі мы начальнікаў на плечы і таўчэмся з нагі на нагу. А як абедзве добра апячэ, дык падскокваем.
Вучоныя ў роспачы, замежны адмыслоўца плача, як бабёр, а мы нічога сабе. Скачам патрошкі і на свой гаротны лёс наракаем…
Апошнім часам пайшлі сярод нас чуткі, быццам неўзабаве нам зноў Бога вернуць. Сёй-той захваляваўся: што тады з начальнікамі будзе?
І ўсё да мяне ходзяць пытацца. А скуль я ведаю?
– Адчапіцеся, – кажу. – Так ці гэтак, але ж неяк будзе.
– І то праўда, – пагаджаюцца. – Бо ніколі яшчэ не было, каб ніяк не было.
Эпітафія
Калі вецер забаранілі, а сонца ашалела – процьма кусачых аваднёў абсела яго з усіх бакоў. Урэшце ён не вытрываў здзеку і скамянеў.
Авадні зноў ускінулі свае джалы – толькі цяпер абламаліся іх джалы…
Магутны, ён ляжаў абок раллі, як прыступка ў нябёсы. І не варушыўся нават тады, калі яго апякалі маланкі.
Вялікімі святамі мы ішлі да каменя і маліліся там, а ў нядобрыя дні спяшылі да яго вастрыць косы і сякеры. Мы не ведалі, што