Жыцьмем. Анатоль Вярцінскі
Читать онлайн книгу.нечы трывожны крык,
але сэнс яго незразумелы.
I вось ад гэтага няведання,
ад гэтай няпэўнасці,
ад гэтага трывожнага незразумелага крыку
нам усім робіцца страшна,
нас усіх ахоплівае спуд.
I мы пачынаем усім гуртам
бегаць, мітусіцца,
кідаемся ў розныя бакі.
Ці то каб некуды паспець,
ці то каб ад некага схавацца…
Прачынаўся я з адчуваннем таго спуду,
таго вялікага перапалоху,
які толькі што перажыў у сне
і пра які палякі кажуць: «Owczy pęd».
«Овчы пэнд»… Пэнд і спуд —
гэта, здаецца, не адно і тое ж,
але блізкія не толькі па гучанні,
але і па сэнсе словы.
Які сялянскі сын не ведае,
што ўяўляе сабой бег спуджанага статка!
Словам, сон быў у руку.
Сніўся мне мой родны беларускі люд.
Яго называюць: рахманы, ціхамірны, талерантны…
Дададзім яшчэ і гэты эпітэт – «спуджаны».
Такія вось прыходзяць параўнанні.
Прыходзяць неяк самі… Далібог!
Пры намаганні ўсім, пры ўсім старанні
я выдумаць бы іх ніяк не змог.
Прыходзяць на падмогу параўнанні
і высвятляюць маёй тэмы грані.
Уціраемся?
Маналог «нацдэма», вытрыманы ў запытальнай інтанацыі
Як сведчаць гісторыкі, «распрацоўка» арыштаваных, выбіванне з іх «чистосердечных признаний» падчас сталінскіх рэпрэсій суправаджаліся рознымі садысцкімі метадамі «фізічнага ўздзеяння», г. зн. катавання. Яны мелі свае назвы: «табурэт», «вятрак», «мазгі ў столь» і г. д. Адметнасцю некаторых з гэтых метадаў было тое, што вязням, асабліва «нацдэмам», яшчэ плявалі ў твар. Для большай эфектыўнасці допыту.
Вось так нас катавалі.
Білі і ў твар плявалі.
Плявалі проста ў твар.
Удар. Плявок. Удар.
А мы як рэагавалі
на тое, што плявалі
нам проста ў вочы, у твар?
Пляўкі прымалі, як дар?
Лаяльнымі быць стараліся?
Скараліся і… ўціраліся?
Плявок. Удар. Плявок.
Крыві ўласнай глыток…
Вось так нас катавалі.
А мы? Не пратэставалі?
Не ўскідвалі кулакі
у адказ на пляўкі?
Уціраліся нема?
Маўляў, такі лёс «нацдэма»,
лёс «беларускіх сыноў» —
скарацца зноў і зноў?
Уласнай крывёю салёнай
ды катаўскай слінай шалёнай
уцерліся мы тады,
у смутныя тыя гады?
А потым? Песня старая ўсё?
Уцерліся і… ўціраемся?
Удар. Плявок. Глыток.
Уцерся зноў, браток?..
Дзед i ўнук
Вечар згушчаецца за акном.
Чуюцца ўнукавы ціхія слоўцы:
«Дзеду, пабудзь ля мяне перад сном,
дзеду, пагладзь мяне па галоўцы».
Вярнуўся са школы, пытанне ў вачах.
Пытанне пра сцяг бел-чырвона-белы…
«Мы летась вучылі, што